Беларуская Служба

Польскі рынак нерухомасці набірае небывалыя абароты

24.08.2025 18:18
Забудоўшчыкі атрымалі рэкордныя 16,8 тыс. дазволаў на будаўніцтва, а тэмпы інвестыцый узраслі на 35%.
Праект новага жылога кварталаMateriały prasowe

У ліпені забудоўшчыкі Польшчы пачалі будаўніцтва больш як 11,9 тыс. кватэр — супраць 8,8 тыс. у тым жа месяцы летась. Таксама забудоўшчыкі атрымалі рэкордныя ў гэтым годзе 16,8 тыс. дазволаў на будаўніцтва, паведамляе Puls Biznesu.

Паводле дадзеных, тэмпы інвестыцый узраслі на 35%. У семі найбуйнейшых польскіх агламерацыях у ліпені прададзена больш за 4 тыс. новых кватэр. Кампаніі адзначаюць паступовае ажыўленне ў офісах продажаў і рост колькасці рэзервацый.

Эксперты падкрэсліваюць, што сённяшні рынак характарызуецца супярэчлівымі тэндэнцыямі. З аднаго боку, узмацняецца канкурэнцыя паміж забудоўшчыкамі, а з другога — з’яўляецца перспектыва паляпшэння даступнасці крэдытаў, што можа падтрымаць далейшы рост попыту.

— Мы маем справу з найбуйнейшай прапановай на рынку ў гісторыі, калі ўлічыць і новабудоўлі, і выдадзеныя дазволы. Кампаніі павінны дакладна ацэньваць рызыкі запуску новых праектаў, — адзначыў юрыст Польскага саюза забудоўшчыкаў Патрык Казяркевіч.

Паводле аналітыка парталу RynekPierwotny.pl Яраслава Енджыньскага, рост колькасці дазволаў на будаўніцтва сведчыць пра значнае павелічэнне інвестыцыйнага аптымізму.

Дадатковым фактарам росту інтарэсу да жытла стала ліпеньскае зніжэнне працэнтных ставак, якая павысіла крэдытную здольнасць пакупнікоў. — Мы назіраем больш запытаў і рэзервацый, хоць пакуль гэта не імклівы скачок, —адзначыла ў каментары Puls Biznesu прадстаўніца групы Robyg.

эж