Беларуская Служба

Караль Наўроцкі хоча змяніць канстытуцыю Польшчы дзеля ўзмацнення прэзідэнцкай улады 

24.08.2025 15:03
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі склікае раду, якая будзе распрацоўваць праект новай канстытуцыі.
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі PAP/Paweł Supernak

Напрыканцы верасня - пачатку кастрычніка прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі склікае раду, якая будзе распрацоўваць праект новай канстытуцыі краіны, у якой прадугледжваецца істотнае ўмацаванне прэзідэнцкай улады.

Палітолаг Анджэй Зыбала з  Вышэйшай эканамічнай школы ў Варшаве лічыць, што падобныя прапановы новага прэзідэнта Польшчы разлічаны на парламенцкую кампанію праз два гады.

«Каралю Наўроцкаму патрэбна канстытуцыйная большасць у парламенце.  Відавочна, што ў гэтым парламенце ён яе не знойдзе, таму распрацоўка новай Канстытуцыі — гэта праект для парламенцкай выбарчай кампаніі праз два гады.  І гэта можа быць  моцным сігналам для грамадства. Нельга выключыць, што правыя сілы атрымаюць канстытуцыйную большасць і здолеюць спраўна змяніць канстытуцыю», — адзначыў эксперт.

Паводле канстытуцыі Польшчы, праект зменаў у Асноўным законе можа прапанаваць не менш як 1/5 ад устаноўленай колькасці дэпутатаў Сейму ці  Сенату, або прэзідэнт. Змены ў канстытуцыю прымаюцца Сеймам большасцю не менш як 2/3 галасоў пры прысутнасці не менш як паловы дэпутатаў, а Сенатам — абсалютнай большасцю галасоў пры прысутнасці не менш як паловы сенатараў.

IAR/эж