Беларуская Служба

Польскія старшакласнікі навучацца кіраваць беспілотнікамі – за падрыхтоўку заплаціць Міністэрства абароны

18.10.2025 16:52
Маладзёны пройдуць падрыхтоўку на трох узроўнях, каб пасля завяршэння праграмы яны маглі працаваць з ваеннымі беспілотнымі сістэмамі.
ДронLN_Photoart/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскія старшакласнікі будуць вучыцца кіраваць беспілотнікамі – Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы запускае пілотную праграму. Новы праект пачнецца ў 16-і сярэдніх школах з вайсковымі класамі. Праграма дазволіць маладым людзям атрымаць практычныя навыкі кіравання БЛА.

У рамках праекту вайсковыя інструктары навучаць кіраваць дронамі настаўнікаў, якія затым будуць праводзіць заняткі з моладдзю. Навучанне будзе праходзіць з выкарыстаннем квадрокоптараў вагой да 5 кг, шырока даступных на грамадзянскім рынку. Міністэрства нацыянальнай абароны субсідуе 80% кошту набыцця абсталявання, якое стане ўласнасцю школ пасля двух гадоў выкарыстання.

Тэхнічныя характарыстыкі беспілотнікаў і праграма навучання былі распрацаваныя Упраўленнем беспілотных сістэм Генеральнага камандавання Узброеных сіл Польшчы. Маладзёны пройдуць падрыхтоўку на трох узроўнях, каб пасля завяршэння праграмы яны маглі працаваць з ваеннымі беспілотнымі сістэмамі.

У пілотнай праграме прымуць удзел да 30 вучняў з кожнай з 16-і школ. Праект будзе дзейнічаць да сярэдзіны 2027 года і завершыцца спаборніцтвамі па пілатаванні дронаў, у выніку якіх будуць адабраныя лепшыя ўдзельнікі. Вучні завершаць навучанне тэарэтычным і практычным экзаменам у адпаведнасці з патрабаваннямі Упраўлення грамадзянскай авіяцыі Польшчы. Выдаткі на экзамен пакрые Міністэрства нацыянальнай абароны.

Трохтыднёвае навучанне выкладчыкаў будуць праводзіць вайсковыя спецыялісты з сертыфікатам інструктара.

Праграма Мінабароны ў будучыні будзе пашыраная і канчаткова ахопіць да 500 сярэдніх школ ва ўсёй Польшчы.

вс