Беларуская Служба

Палякі адзначаюць 107 гадавіну Дня Незалежнасці

11.11.2025 09:19
У Варшаве, Кракаве, Уроцлаве і іншых гарадах запланаваныя патрыятычныя маршы, маляўнічыя вулічныя парады, супольныя спевы, выступы і канцэрты, гульні для дзяцей. 
Аўдыё

У межах фестывалю Wspólna Niepodległa ў Варшаўскай цытадэлі (Cytadela Warszawska) запланавана шмат гістарычных мерапрыемстваў.

Дырэктар Музея Войска Польскага генерал Багуслаў Пацэк падкрэслівае, што гэта будзе дзень, напоўнены гістарычнымі ўражаннямі.

— Усе музеі сёння бясплатныя, і ўсе адкрыты з 10:00 да 18:00. Мы не абмяжоўваемся толькі паказам музейных экспанатаў. Мы запрашаем з дзецьмі, падросткамі і пажылымі людзьмі разам адзначаць 107 гадавіну незалежнасцi. Запрашаем на вайсковы гарохавы суп. Будзе  прадстаўлена сучасная ваенная тэхніка, запланаваныя кінапаказы  дакументальных і мастацкіх фільмаў пра нашую незалежнасць, будзем раздаваць гаджэты, кубкі і ваенныя сумкі.

Таксама ў цытадэлі будуць размешчаны стэнды ваенных ВНУ, дзе ўсе змогуць даведацца пра службу ў Войску Польскім і магчымасці, якія прапануе кар'ера ў войску.

Апоўдні ў Варшаўскай цытадэлі запланавана сумеснае выкананне польскага гімна.

Марш Незалежнасці ў Варшаве пачнецца а 14:00.

Пра ўдзел у маршы заявіў прэзідэнт Караль Наўроцкі і палітыкі правай часткі польскай палітычнай сцэны. Палітыкі ўрадавай кааліцыі не плануюць у ім удзельнічаць, таму што яны не ідэнтыфікуюць сябе з нацыяналістычнымі лозунгамі арганізатараў маршу.


107 гадоў таму, 11 лістапада 1918 года, Польшча аднавіла сваю незалежнасць.

Пасля 123 гадоў падзелаў, падпольнай барацьбы, нацыянальна-вызваленчых паўстанняў, пакут і намаганняў многіх пакаленняў палякаў Польшча вярнулася на карту Еўропы.

У гэты дзень скончылася і Першая сусветная вайна. У выніку тры дзяржавы — Прусія, Аўстрыя і Расія, — якія раней тройчы дзялілі Польшчу, разваліліся, а пераможныя дзяржавы Антанты пагадзіліся на стварэнне незалежнай польскай дзяржавы.

IAR/яс