У Дзень Незалежнасці прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўзнагародзіў Ордэнам Белага Арла, найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы, журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута.
«Сёння Польшча дзякуе сваім найвыдатнейшым грамадзянам, чыіх жыццё з'яўляецца для палякаў прыкладам вялікага гонару», — сказаў прэзідэнт Караль Наўроцкі падчас цырымоніі ў Прэзідэнцкім палацы.
Прэзідэнт заявіў, што Ордэн Белага Арла, уручаны завочна без удзелу ўзнагароджанага, з'яўляецца таксама сімвалам пазіцыі польскай дзяржавы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
— Гэта сведчанне, што Польшча заўсёды будзе абараняць сваіх сыноў, тых, хто жыве для Польшчы, хто змагаецца за родную мову і каштоўнасць польскасці, для каго гэтыя каштоўнасці вартыя пакут у беларускай турме.
Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выдання «Gazeta Wyborcza». Пераследаваны рэжымам Лукашэнкі, ён быў арыштаваны ў 2021 годзе і асуджаны ў 2023 годзе за меркаваную варожую дзейнасць і «распаўсюджванне нянавісці». Польшча гадамі дамагаецца яго вызвалення.
У гэтым годзе Анджэй Пачобут атрымаў прэмію Сахарава, якую Еўрапейскі парламент прысуджае асобам, якія зрабілі выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека.
Ордэн Белага Арла — найстарэйшая і найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Польшча, якая ўручаецца за выдатныя грамадзянскія і ваенныя заслугі на карысць Рэспублікі Польшча. Ордэн уручаецца найбольш выбітным палякам і вышэйшым прадстаўнікам замежных дзяржаў.
Ордэн Белага Арла атрымаў таксама Вальдэмар Лысяк — польскі пісьменнік, журналіст і эсэіст. Сярод яго твораў — гістарычныя раманы. У сваёй журналістыцы ён супрацоўнічаў з правымі СМІ і называў сябе кансерватарам, неаднаразова крытыкуючы такіх асоб, як Лех Валэнса, Адам Міхнік і Яцэк Куронь.
Рыцарскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы атрымаў касманаўт Славаш Узнанскі-Віснеўскі і акцёр Адам Варановіч.
яс