Беларуская Служба

Еўракамісар: Польшча можа быць вызваленая ад прымусовага размеркавання мігрантаў

12.11.2025 12:33
Акрамя Польшчы, на выключэнне могуць прэтэндаваць Аўстрыя, Балгарыя, Харватыя, Чэхія і Эстонія.
Польскія памежнікі на ахове мяжыfacebook.com/STRAZGRANICZNA

Еўрапейская камісія разглядае магчымасць поўнага або частковага вызвалення Польшчы ад удзелу ў агульнаеўрапейскай сістэме перасялення мігрантаў. Канчатковае рашэнне прымуць краіны-члены ЕС большасцю галасоў у 2026 годзе.

Камісар Еўрасаюза па міграцыі Магнус Брунэр адзначыў, што Польшча знаходзіцца ў асаблівым становішчы:

«Польшча сутыкаецца з вялікім міграцыйным ціскам, бо прыняла значную колькасць грамадзян Украіны, якія атрымалі часовую абарону як уцекачы ад вайны».

Польскія ўлады таксама падкрэсліваюць, што нясуць высокія выдаткі на ахову ўсходняй мяжы ЕС і таму патрабуюць вызваліць краіну ад абавязковага ўдзелу ў Міграцыйным пакце.

Акрамя Польшчы, на выключэнне могуць прэтэндаваць Аўстрыя, Балгарыя, Харватыя, Чэхія і Эстонія.  Паводле пакту, краіны-чальцы павінны прымаць частку ўцекачоў або выплачваць 20 тысяч еўра за кожнага не прынятага мігранта, аднак дзяржавы пад асаблівым ціскам могуць атрымаць выключэнне.

iar/эж