Беларуская Служба

PKP Intercity падпісала найбуйнейшы кантракт у гісторыі польскай чыгункі

12.11.2025 16:14
PKP Intercity заключыў гістарычную дамову з французскай кампаніяй Alstom на пастаўку 42 двухпавярховых цягнікоў, якія змогуць перавозіць больш за 550 пасажыраў кожны. 
       PKP Intercity
Гэта першыя экспрэсныя двухпавярховыя цягнікі ў гісторыі PKP IntercityФота: Fot. PKP Intercity

Польскі дзяржаўны чыгуначны перавозчык PKP Intercity заключыў гістарычную дамову з французскай кампаніяй Alstom на пастаўку 42 двухпавярховых цягнікоў, якія змогуць перавозіць больш за 550 пасажыраў кожны. Цягнікі будуць вырабляцца ў Польшчы. Дамова можа быць пашырана на чарговыя 30 саставаў. Базавая цана дамовы — 8,47 млрд злотых (больш за 2 млрд еўра), а разам з дадатковай опцыяй — амаль 13,86 млрд злотых.

Міністр інфраструктуры Польшчы Дарыюш Клімчак назваў гэта «вялікім днём для польскай чыгункі, Intercity і Хожава, але перадусім для пасажыраў, якія хочуць падарожнічаць усё хутчэй і з большым камфортам». Палітык падкрэсліў, што гэта першыя экспрэсныя двухпавярховыя цягнікі ў гісторыі PKP Intercity, а два злучаныя саставы змогуць перавозіць да 1000 чалавек.

Новыя цягнікі будуць курсіраваць з Варшавы ў Сілезію, Кракаў, Беласток, Лодзь, Гданьск і Цярэспаль. Вытворчасць запланавана ў Хожаве і Надажыне, дзе французская фірма Alstom таксама будзе абслугоўваць тэхніку на працягу 30 гадоў. Першыя саставы павінны выйсці на лініі праз тры з паловай гады.

эж