Салдаты Войск тэрытарыяльнай абароны Польшчы выйшлі на ахову важнейшых чыгуначных ліній у Люблінскім ваяводстве (усходняя частка краіны). «Вайскоўцы перамяшчаюцца пешшу, на транспартных сродках, выкарыстоўваюць таксама дроны», – сказала прэс-афіцэр 2-й Люблінскай брыгады тэрытарыяльнай абароны капітан Марта Габорэк.
- Група вайскоўцаў у супрацоўніцтве са Службай ваеннай контрразведкі тут, ва ўсходняй частцы ваяводства, правярае і ахоўвае тэрыторыю ўздоўж чыгуначных ліній – гэта больш за 120 км. Іншая група падтрымлівае Службу аховы чыгункі ў ахове ключавой інфраструктуры і важных чыгуначных участкаў ды вузлоў ва ўсім Люблінскім ваяводстве.
Ва ўсёй Польшчы да аховы чыгункі прыцягнута больш за 400 салдат і афіцэраў з усіх брыгад тэрытарыяльнай абароны.
Як паведамлялася, у апошнія дні ў Польшчы мелі месца да сур’ёзныя выпадкі дыверсіі на чыгунцы. У першым інцыдэнце каля станцыі Міка (цэнтральнае Мазавецкае ваяводства) выбуховае прыстасаванне было прыведзенае ў дзеянне на пуцях падчас праходжання грузавога цягніка з дапамогай прылады, злучанай з ёй 300-метровым кабелем.
У другім інцыдэнце ў раёне горада Пулавы (Люблінскае ваяводства) на шляху быў устаноўлены сталёвы заціск, верагодна, з мэтай пусціць цягнік з рэек. Паблізу быў устаноўлены мабільны тэлефон, падключаны да зараднай прылады, каб запісваць тое, што адбываецца.
У здзяйсненні дыверсій падазраюцца двое грамадзян Украіны, якія выехалі ў Беларусь яшчэ перад іх ідэнтыфікацыяй польскімі спецслужбамі.
вс