Беларуская Служба

На ўсходзе Мазавецкага ваяводства ўпаў паветраны шар з беларускімі цыгарэтамі 

05.12.2025 09:20
У пакунку, прымацаваным да паветранага шару, знаходзілася 30 тысяч штук цыгарэт — гэта 1500 пачкаў — без польскіх акцызных знакаў. 
,    ,
Кантрабанда, прымацаваная да паветранага шару, які ўпаў у Ласіцкім павеце на ўсходзе МазоўшаФота: https://mazowiecka.policja.gov.pl/

У Ласіцкім павеце на ўсходзе Мазавецкага ваяводства на сельскагаспадарчае поле ўпаў паветраны шар з прымацаваным да яго пакункам. Як высветлілася, унутры знаходзіліся кантрабандныя цыгарэты, —  паведамляе Gazeta Wyborcza.  Паводле папярэдніх дадзеных, кантрабандны груз быў запушчаны з тэрыторыі Беларусі.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў аўторак, 2 снежня. У дзяжурную частку павятовай паліцыі паступіла паведамленне, што ў адной з мясцовасцяў мог упасці метэаралагічны зонд.

Паліцэйскія прыбылі на месца і на полі побач з гаспадарчымі пабудовамі знайшлі пакунак, зацягнуты белай плёнкай, да якой былі прымацаваныя рэшткі паветранага шара. Паводле інфармацыі афіцэркі прэс-службы паліцыі  Лосіцкага павета Эміліі Матэйчук, падчас агляду высветлілася, што ў пакунку знаходзілася 30 тысяч штук цыгарэт — гэта 1500 пачкаў — без польскіх акцызных знакаў. Праваахоўнікі падазраюць, што шар мог пераляцець мяжу з Беларусі, а яго запуск быў часткай аперацыі кантрабандыстаў. 

Паліцыя заклікала жыхароў не ігнараваць такія выпадкі і адразу паведамляць пра ўсе падазроныя аб’екты.

— У выпадку выяўлення незразумелага прадмета нельга набліжацца да яго і спрабаваць самастойна правяраць змесціва пакунка. Неабходна неадкладна патэлефанаваць на нумар экстраннай дапамогі і паведаміць інфармацыю адпаведным службам, а затым дачакацца паліцыі і паказаць дакладнае месца знаходкі, — адзначыла Матэйчук.

эж