38-гадовы грамадзянін Польшчы і 32-гадовы грамадзянін Беларусі затрыманыя за кантрабанду цыгарэт з дапамогай паветраных шароў, паведамляе польская Памежная служба. Пра гэта піша «Позірк».
Адзначаецца, што супрацоўнікі ведамства выявілі партыю цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі ў багажніку аўтамабіля, спыненага паблізу горада Бяла-Падляска, які размешчаны ў 35 км ад польска-беларускай мяжы.
Кошт тытунёвай прадукцыі складае больш за 100 тыс. злотых (больш за 23 тыс. 600 еўра).
Затрыманым прад’яўленыя абвінавачванні ў кантрабандзе і «незаконным выкарыстанні паветранага судна з парушэннем дзеючых авіяцыйных правілаў», гаворыцца ў паведамленні. Падкрэсліваецца, што такія парушэнні караюцца штрафам і пазбаўленнем свабоды да 5 гадоў.
Акрамя таго, беларусу загадана пакінуць Польшчу з забаронай на ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення на 5 гадоў.
Паведамляецца, што з пачатку года Надбужанскі памежны атрад зафіксаваў ужо больш за 50 выпадкаў, звязаных з нелегальным перамяшчэннем акцызных тавараў праз мяжу з дапамогай метэаралагічных шароў. Ацэначны кошт канфіскаваных такім чынам цыгарэт склаў амаль 1 млн злотых (больш за 236 тыс. еўра).
вс