Генеральны інспектар польскай паліцыі Марэк Борань прызнаў, што на тэрыторыі Польшчы могуць з’явіцца прадстаўнікі ўсходніх злачынных груповак — падобна да сітуацыі, якая назіралася ў 1990-я гады пасля заканчэння Балканскіх войнаў.
«Скажам шчыра, з улікам таго, што адбылося пасля вайны на Балканах, наступствы завяршэння цяперашняй вайны будуць складанымі для ўсіх. Польская паліцыя падтрымлівае кантакты са службамі іншых еўрапейскіх краін, у тым ліку ў межах Еўрапола. Мы абменьваемся інфармацыяй і аналізуем тэндэнцыі развіцця злачыннасці», — адзначыў правааахоўнік.
Галоўны камендант паліцыі таксама звярнуў увагу, што ў 1990-я гады Польшча перажывала перыяд сістэмнай трансфармацыі, у той час як сёння краіна мае значна большы досвед, а паліцыя і іншыя сілавыя структуры добра аснашчаныя і падрыхтаваныя.
У 1990-я гады Польшча сутыкнулася з беспрэцэдэнтным ростам арганізаванай злачыннасці. Злачынныя групоўкі не толькі супрацоўнічалі з мафіяй з-за ўсходняй мяжы, але і мелі ў сваім распараджэнні агнястрэльную зброю, якая трапляла ў краіну кантрабандай пасля заканчэння баявых дзеянняў на Балканах.
iar/эж