Беларуская Служба

Прэм'ер і прэзідэнт Польшчы абмяркуюць далейшую палітыку адносна Украіны 

07.01.2026 14:32
«Сустрэча адбудзецца на гэтым тыдні. Далейшы працэс, натуральна, запатрабуе новых сустрэч», — сказаў Туск.
Дональ Туск і Караль НаўроцкіPAP/Adam Warżawa

Яшчэ на гэтым тыдні адбудзецца сустрэча прэм’ер-міністра Польшчы з прэзідэнтам Каралям Наўроцкім і прадстаўнікамі ўраду, прысвечаная абмеркаванню вынікаў саміту так званай Кааліцыі рашучых па пытанні завяршэння вайны ва Украіне. Пра гэта заявіў Дональд Туск пасля заканчэння перамоваў лідараў кааліцыі ў Елісейскім палацы ў Парыжы ў аўторак, 6 студзеня. 

«Безумоўна, яшчэ на гэтым тыдні, гэта ўжо ўзгоднена, я буду размаўляць з прэзідэнтам пра тое, якая роля адводзіцца прэзідэнту, а якая — ураду ў гэтым працэсе ў бліжэйшыя дні. Сустрэча адбудзецца на гэтым тыдні. Далейшы працэс, натуральна, запатрабуе новых сустрэч», — сказаў Туск.

Прэм’ер таксама адзначыў, што адной з ключавых тэм парыжскіх перамоваў стала аднаўленне Украіны пасля заканчэння вайны. Паводле яго, амерыканскі бок прыводзіў Польшчу як прыклад паспяховай эканамічнай трансфармацыі, падкрэсліваючы, што Украіна мае шанец прайсці падобны шлях развіцця.

Адначасова Дональд Туск падкрэсліў, што асноўнай умовай дасягнення ўстойлівых вынікаў застаецца пастаянны ціск на Расію. Удзельнікі сустрэчы, паводле прэм'ера Польшчы, сышліся ў меркаванні, што далейшы націск, у тым ліку праз санкцыі, неабходны для таго, каб Масква сур’ёзна ставілася да мірных ініцыятыў.

iar/эж