Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы аналізуе дакументы, якія тычацца рэкамендацый адносна выкарыстання аўтамабіляў кітайскай вытворчасці. Паводле звестак Польскага радыё, у Генеральным штабе ўжо падрыхтаваны загад, які забароніць вайскоўцам уязджаць на тэрыторыі вайсковых аб’ектаў на прыватных аўтамабілях з Азіі.
Намеснік міністра абароны Цэзары Томчык, каментуючы гэтую інфармацыю заявіў, што рашэнне абумоўлена пытаннямі нацыянальнай бяспекі, у якіх Польшча не можа ісці на кампрамісы:
«Значная частка кітайскай тэхнікі змяшчае апаратныя і праграмныя элементы, здольныя перадаваць дадзеныя за межы краіны ў адпаведнасці з заканадаўствам Кітайскай Народнай Рэспублікі. У сувязі з гэтым польскія ўлады павінны дзейнічаць з максімальнай асцярожнасцю, але і з належнай рашучасцю, калі гаворка ідзе пра абарону інтарэсаў дзяржавы».
Генеральны штаб Польшчы плануе ўвесці забарону на ўезд кітайскіх аўтамабіляў на тэрыторыі вайсковых частак, а таксама на прылеглыя паркоўкі і ўстановы. Сучасныя аўтамабілі кітайскай вытворчасці насычаныя электроннымі сістэмамі, якія могуць збіраць выявы, гукі і даныя пра месцазнаходжанне транспартных сродкаў, што стварае патэнцыйныя рызыкі бяспецы.
Пра магчымыя пагрозы, звязаныя з выкарыстаннем такіх сістэм, летась папярэджваў Асяродак усходніх даследаванняў. У сваім дакладзе эксперты ўстановы рэкамендавалі прыняць меры для нарматыўнага ўрэгулявання гэтай праблемы.
iar/эж