Беларуская Служба

Міністр нацабароны Польшчы: Мы хочам увайсці ў тройку лепшых краін НАТА па патэнцыяле

28.01.2026 18:01
Уладзіслаў Касіняк-Камыш запэўніваў, што польскае ўзбраенне распрацавана такім чынам, каб ніхто ніколі не падумаў напасці на Польшчу ці Паўночнаатлантычны альянс.
      -
Міністр нацыянальнай абароны сустрэўся з прадстаўнікамі Ваенна-дыпламатычнага корпуса PAP/Piotr Nowak

Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш сустрэўся з прадстаўнікамі Ваенна-дыпламатычнага корпуса. «Мы хочам увайсці ў тройку лепшых краін НАТА па патэнцыяле», – заявіў ён.

У сераду ў Варшаўскім політэхнічным універсітэце міністр нацыянальнай абароны сустрэўся з прадстаўнікамі Ваенна-дыпламатычнага корпуса – ваеннымі аташэ, акрэдытаванымі пры замежных місіях у Варшаве. Касіняк-Камыш прадставіў дыпламатам ключавыя палажэнні польскай палітыкі бяспекі.

«Гаворка ідзе пра пабудову моцнай, бяспечнай Польшчы ў сяброўскім асяроддзі, пошук сяброў, а не ўказанне на ворагаў, абарону ад тых, хто нам пагражае, хто правакуе нас, хто развязаў гібрыдную вайну», – сказаў міністр. «Я кажу пра Расійскую Федэрацыю, якая, згодна з нашай стратэгіяй, зʼяўляецца найбольшай пагрозай для еўрапейскай бяспекі, міру і спакою. Мы – краіна, якая любіць мір і хоча міру», – падкрэсліў міністр.

Віцэ-прэмʼер запэўніваў, што польскае ўзбраенне распрацавана такім чынам, каб ніхто ніколі не падумаў напасці на Польшчу ці Паўночнаатлантычны альянс.

Уладзіслаў Касіняк-Камыш падкрэсліў, што Польшча хутка павялічвае свае выдаткі на абарону.

«Наша амбіцыя – увайсці ў тройку лепшых краін Паўночнаатлантычнага альянсу па аператыўных магчымасцях. Гэта будзе магчыма толькі ў тым выпадку, калі будуць абʼяднаны некалькі элементаў, якія фарміруюць сілу і ўстойлівасць – не толькі армія, але сапраўды ўся дзяржава, усё грамадства», – заявіў Касіняк-Камыш.

Ён нагадаў, што польская армія ўжо зʼяўляецца адной з трох найбуйнейшых узброеных сіл НАТА – па колькасці.

Акрамя адносін са Злучанымі Штатамі для Польшчы таксама важна ўмацаванне сувязяў з саюзнікамі ў Паўночнай Еўропе – скандынаўскімі і балтыйскімі дзяржавамі, Германіяй, Вялікабрытаніяй і Нідэрландамі, а таксама з краінамі на поўдні, у тым ліку з Балканамі.

ав