Беларуская Служба

Польскія гарады трацяць мільёны злотых на зімовае ўтрыманне дарог і вуліц

31.01.2026 16:01
Штогод гарады трацяць мільёны злотых на ўборку снегу і лёду. У гэтым годзе халодная і снежная зіма выклікала павелічэнне выдаткаў.
Замерзлая рака Матлава ў ГданьскуPAP/Adam Warżawa

У Тчэве, горадзе з насельніцтвам 57 000 чалавек (Паморскае ваяводства), адзін дзень зімовага ўтрымання дарог каштуе прыкладна 32 000 злотых. Прэс-сакратарка мэрыі Тчэва Малгажата Мыкоўская паведаміла Польскаму прэсаваму агенцтву (PAP), што ў гэтым сезоне на зімовае ўтрыманне дарог было выдаткавана больш за мільён злотых.

Жэшаў да гэтага часу выдаткаваў амаль 6 мільёнаў злотых на зімовае ўтрыманне дарог. Гэтая сума складае амаль 80% ад базавага бюджэту, запланаванага на гэтую мэту.

У Любліне выдаткі на зімовае ўтрыманне дарог у бягучым сезоне перавысілі 14 мільёнаў злотых, паведаміла Моніка Фіш, прэс-сакратарка Упраўлення дарог і грамадскага транспарту Любліна. Гэта больш, чым за ўвесь сезон 2024/2025, калі на зімовае ўтрыманне дарог было выдаткавана 10,8 мільёна злотых.

Прадстаўніца мэрыі Гданьска Паўліна Хелміньска заявіла, што выдаткі ў гэты зімовы сезон хутка растуць з-за працяглых і моцных снегападаў на пачатку студзеня. У бюджэце на 2026 год на гэтыя мэты было выдзелена 23 мільёны злотых, і дадатковыя 10,5 мільёна злотых з нявыкарыстаных сродкаў з мінулага года. Для параўнання, у сезоне 2023/2024 на зімовае ўтрыманне дарог у Гданьску было выдаткавана амаль 24 мільёны злотых.

Улады Познані ў гэтым годзе выдзелілі 34,2 мільёна злотых на зімовае ўтрыманне і расчыстку дарог. У Кракаве, падчас працяглых снегападаў і галалёду, штодзённыя выдаткі на расыстку могуць сягаць 4 мільёнаў злотых. Паводле прагнозаў, выдаткі ў гэтым зімовым сезоне складуць прыблізна 40 мільёнаў злотых. Летась выдаткі на ўтрыманне дарог зімой склалі 16 мільёнаў злотых.

Варшаўскае гарадское ўпраўленне па ўборцы дарог (WSZ) ужо выдаткавала 77 мільёнаў злотых на ўборку дарог і тратуараў у гэтым зімовым сезоне. Бюджэт WSZ на зімовыя работы ўжо павялічаны са 100 мільёнаў злотых да 120 мільёнаў злотых. Мінулай зімой выдаткі на ўборку вуліц склалі 39 мільёнаў злотых.

РАР/юл