80 гадоў таму польскае антыкамуністычнае падполле забіла 79 праваслаўных беларусаў на Падляшшы. У сучаснай Польшчы прызнаюць гэтае злачынствам і ўшаноўваюць ахвяраў на высокім узроўні, паведамляе «Белсат».
У вёсцы Заляшаны, што ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводства Польшчы, 29 студзеня ўшанавалі памяць ахвяраў масавага забойства, якое адбылося 80 гадоў таму.
У цырымоніі ўзяў удзел старшыня Сейму Польшчы Уладзімеж Чажасты.
«Няма ніякага тлумачэння, няма ніякага апраўдання: гэтае злачынства мае прыкметы забойства, – заявіў Чажасты. – Хачу вам сказаць праз 80 гадоў як старшыня польскага Сейму: няма ніякага апраўдання гэтай справы», – сказаў палітык.
Старшыня Сейму Польшчы Уладзімеж Чажасты кланяецца крыжу ў памяць пра ахвяраў масавага забойства праваслаўных беларусаў на Падляшшы. Заляшаны, Польшча. 29 студзеня 2026 года. Фота: Piotr Molęcki/Kancelaria Sejmu
Дэпутат Сейміку (мясцовы заканадаўчы сход) Падляскага ваяводства Ігар Лукашук расказаў на падляскім дыялекце беларускай мовы, што ягоная радня паходзіць з суседняй вёскі Грэдэлi. Бацька расказваў, што яму расказваў ягоны бацька, як пасля вайны ў Грэдэлі з Заляшанаў прыбягалі сваякі, плакалі і казалі, што забіваюць.
У студзені і лютым 1946 года атрады польскага ўзброенага антыкамуністычнага супраціву правялі шэраг карных аперацыяў і забілі дзясяткі бяззбройных беларусаў праваслаўнага веравызнання, у тым ліку жанчын і дзяцей. У Заляшанах вядома пра 16 забітых, у Старых Пухалах – пра 30, у Занях і Шпаках – 31, у Выганаўскай Вольцы – пра яшчэ двух.
Аперацыямі кіраваў капітан Рамуальд Райс, вядомы па мянушцы «Буры». Райса схапілі польскія ўлады ў 1948 годзе. Ён не прызнаў сваёй віны ў забойствах беларусаў і пераводзіў адказнасць за забойствы на свайго намесніка. Райса судзілі ў Беластоку, павесілі ў 1949 годзе.
У сучаснай Польшчы не ўтойваюць трагедыі на Падляшшы. Інстытут нацыянальнай памяці ў 2005 годзе прызнаў, што аперацыі «Бурага» былі злачынствам супраць чалавецтва з прыкметамі генацыду, не спрыялі барацьбе падполля за незалежнасць Польшчы і не могуць лічыцца справядлівымі ні пры якіх абставінах. Памяць забітых традыцыйна ўшаноўваюць з удзелам мясцовых і вышэйшых уладаў Польшчы. Таксама ўсталяваныя помнікі і памятныя знакі.
вс