«Гэтая хваля змен адлюстроўвае тое, што польская эканоміка стала рэгіянальным волатам вартасцю трыльён долараў», – адзначае агенцтва. Пры гэтым, калі Польшча ўступіла ў Еўрапейскі Саюз у 2004 годзе, валавы ўнутраны прадукт Германіі на душу насельніцтва быў большы ў чатыры разы. Цяпер гэты разрыў скараціўся, і на дадзены момант ВУП Германіі на душу насельніцтва прыкладна ўдвая вышэйшы за польскі. У той жа час павольны эканамічны рост у Германіі, найбуйнейшай эканоміцы Еўропы, стварыў магчымасці для польскіх кампаній, якія назапасілі рэсурсы.
Bloomberg адзначае, што з моманту аднаўлення незалежнасці ў 1918 годзе Польшча ніколі не была багацейшай, а яе ўплыў не быў такім значным. За два дзесяцігоддзі сяброўства ў ЕС яна атрымала больш чыстага фінансавання на душу насельніцтва, чым любая іншая краіна, а яе валавы ўнутраны прадукт павялічыўся больш чым у тры разы. Эканоміка вырасла на 3,6% у мінулым годзе ў параўнанні з 0,2% у Германіі.
Bloomberg цытуе Дамініка Капінскага з Польскага эканамічнага інстытута ў Варшаве, які лічыць, што ўзровень развіцця Польшчы пачынае нагадваць той, які раней назіраўся ў Паўднёвай Карэі. «Набыцці польскімі кампаніямі сведчаць аб тым, што Польшча больш не зʼяўляецца рынкам, які развіваецца», – сказаў ён. Розніца ў тым, што палякі больш матываваныя жаданнем атрымаць долю рынку, чым набыццём новых тэхналогіяў.
Разам з тым, паводле дадзеных Цэнтральнага банку ў Варшаве, прамыя замежныя інвестыцыі ў Польшчу запаволіліся летась з-за геапалітычных пагроз, росту цэн на энерганосьбіты і змен у ІТ-індустрыі.
PAP/юл