Гаворка ідзе пра Амерыканскую элітную школу, якая знаходзіцца ў Варшаве па адрасе вуліца Wyścigowa, 24. Школа была выключана з рэестра школ 31 жніўня 2025 года. Нягледзячы на гэта, у ёй працягваюць праводзіцца заняткі і сустрэчы па наборы на наступны навучальны год, піша Gazeta Wyborcza.
Уладальнікам школы з’яўляецца Ілля Волах — бізнесмен, якога, паводле заявы беларускага суда, шукае Інтэрпол. У Беларусі Волаха падазраюць у буйным махлярстве: паводле звестак следства, 430 чалавек страцілі грошы, купляючы кватэры ў жылым масіве Грушэўскі Пасад у Мінску, будаўніцтва якога ажыццяўляла яго кампанія.
Тым часам у Варшаве яго школа, нягледзячы на афіцыйнае выключэнне з рэестра, працягвае працаваць. Праверкі паказалі, што ўстанова не адпавядала асноўным патрабаванням: не ўкараняла польскай адукацыйнай праграмы, не вяла належнага ўліку, не выконвала правілы класіфікацыі вучняў і не наймала супрацоўнікаў з пацверджанай кваліфікацыяй. Навучанне вядзецца паводле брытанскіх падручнікаў і так званай праграмы Оксфарда, пры гэтым амаль ніхто ў школе не размаўляе па-польску.
У школе навучаецца больш за сто дзяцей. Пераважна гэта замежнікі з Украіны і Індыі, найчасцей — дзеці супрацоўнікаў міжнародных карпарацый. Штогадовая плата за навучанне складае ад 42 000 да больш як 56 000 злотых.
Бацькоў не праінфармавалі пра выключэнне школы з рэестра. Пра гэта яны даведаліся толькі з лістоў ад Установы сацыяльнага страхавання (ZUS), у якіх утрымлівалася патрабаванне вярнуць дапамогу 800+, бо фармальна іх дзеці не выконвалі школьны абавязак.
У кастрычніку 2025 года, ужо пасля выключэння школы з рэестра, бацькі атрымалі яшчэ адзін дакумент: адміністрацыя паведаміла новыя нумары рахункаў для аплаты навучання. Гэтыя рахункі з’яўляюцца прыватнымі. Усе дакументы, якія атрымлівалі бацькі, падпісаныя Іллём Волахам, вядомым таксама як Слакатовіч, або яго набліжанай супрацоўніцай Аляксандрай Катушонак.
Wyborcza адзначае, што гэтая справа выклікае пытанні пра тое, ці не з’яўляецца адукацыйны бізнес у Варшаве чарговай дзейнасцю, якую бізнесмен, што пераследуецца ў Беларусі за сур’ёзныя фінансавыя злачынствы, ажыццяўляе з парушэннем закона.
Раней польскае выданне паведамляла, што Волах адкрыў у Варшаве рэстаран, які цяпер ужо не працуе, а супрацоўнікі скардзіліся на нявыплату заробку.
У Беларусі Волаха асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі за буйное махлярства з нерухомасцю. Бізнесмен пазбег турмы, зʼехаўшы ў Польшчу. Тут ён атрымаў грамадзянства, змяніў прозвішча на Слакатовіч.
GW/ав