Беларуская Служба

Найважнейшыя дзяржаўныя чыноўнікі пройдуць сакрэтныя вучэнні, якія будуць імітаваць пачатак вайны

31.03.2026 13:21
Аперацыя «Край» з'яўляецца ключавым тэстам для ўсёй сістэмы бяспекі.
Паседжанне польскага ўрадуPAP/Paweł Supernak

Найважнейшыя дзяржаўныя чыноўнікі і ваеннае кіраўніцтва неўзабаве пройдуць тэст па кіраванні крызісамі. Паводле інфармацыі «Rzeczpospolita», Міністэрства нацыянальнай абароны плануе арганізаваць сакрэтныя вучэнні, якія будуць імітаваць пачатак вайны. Гэтыя вучэнні будуць мець кодавую назву «Край».

Адрыян Вітчак з Грамадзянскай кааліцыі гаворыць, што гэтыя вучэнні неабходныя для нацыянальнай бяспекі.

— Сёння трэба рыхтавацца да кожнай магчымасці. Праверка баявой гатоўнасці — надзвычай важная справа. Такія вучэнні арганізуюць асобы, якія па гэтых пытаннях з’яўляюцца спецыялістамі. Гэта рашэнне генералаў, якія выразна вырашылі: такія вучэнні патрэбныя. А палітыкі павінны зрабіць усё, каб такія вучэнні маглі быць праведзены.

Дэпутатка Жанета Цваліна-Слівоўска заявіла, што такія вучэнні дапамогуць дыягнаставаць праблемы, якія патэнцыйна могуць узнікнуць падчас пачатку вайны.

— Мы зможам выявіць недахопы ў працэдурах. Важна правяраць усе аспекты, не толькі абароннасць, але і эканоміку. Таму такое вучэнне — пажаданае.

Як паведамляе «Rzeczpospolita», аперацыя «Край» з'яўляецца ключавым тэстам для ўсёй сістэмы бяспекі. Удзел возьмуць прадстаўнікі найважнейшых інстытутаў краіны: прэзідэнт, прэмʼер-міністр, міністры, спікеры Сейма і Сената, а таксама кіраўнікі спецыяльных службаў і вышэйшае камандаванне Узброеных сіл.

ав