Беларуская Служба

Польская чыгунка на час велікодных святаў увяла дадатковыя вагоны

05.04.2026 08:58
Кампанія паведаміла, што сочыць за пасажырапатокам у рэальным часе, таму ў выпадку вялікага попыту яна гатовая дачапіць да цягнікоў больш вагонаў.
     PKP Intercity
Цягнік польскай дзяржаўнай пасажырскай кампаніі PKP Intercityкрыніца: PKP Intercity

Польская дзяржаўная пасажырская чыгуначная кампанія PKP Intercity на перыяд велікодных святаў увяла дадатковыя вагоны амаль ў 150 цягніках міжрэгіянальнага і міжнароднага спалучэнняў. Дадатковыя вагоны ў складзе цягнікоў курсуюць з пятніцы, 3 красавіка, да аўторка, 7 красавіка. Кампанія паведаміла, што сочыць за пасажырапатокам у рэальным часе, таму ў выпадку вялікага попыту яна гатовая дачапіць да цягнікоў больш вагонаў.

Дадатковыя вагоны дачэпленыя да цягнікоў, якія курсуюць на трасах з вялікім пасажырапатокам, для прыкладу, з Варшавы ў Гданьск, Сопат і Гдыню, з Варшавы ў Кракаў, з Варшавы ў Ольштын і г.д. На 19 буйнейшых вакзалах краіны PKP Intercity арганізавала працу хостэсаў, якія дапамагаюць пасажырам у атрыманні інфармацыі, датычнай паездкі.

Аператар рэгіянальных пасажырскіх цягнікоў Polregio таксама павялічыў колькасць саставаў практычна ва ўсіх польскіх ваяводствах.

Акцыянернае таварыства PKP Intercity — другая па колькасці перавезеных пасажыраў чыгуначная кампанія ў Польшчы. Поўны пакет акцый перавозчыка належыць дзяржаве.
PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных спалучэнняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі.

У 2025 годзе PKP Intercity перавезла 89 млн 200 тыс. пасажыраў.

Аператар мясцовых і рэгіянальных цягнікоў Polregio — гэта найбуйнейшая польская чыгуначная кампанія па колькасці перавезеных пасажыраў. У 2025 годзе цягнікі згаданага чыгуначнага аператара перавезлі амаль 102 млн 600 тыс. пасажыраў — гэта амаль 25% агулу чыгуначных пасажырскіх перавозак у Польшчы. У сярэднім штодзень паслугамі кампаніі карыстаецца 281 тыс. чалавек.

вс