Сёння ў праваслаўных храмах Вялікі чацвер. Раніцай у цэрквах служаць Літургію Святога Васіля Вялікага, падчас якой рыхтуюцца дары для хворых на цэлы год. Найважнейшай асаблівасцю гэтай службы з'яўляецца літургічнае ўшанаванне ўстанаўлення таінства святога Прычасця, кажа айцец Андрэй Кузьма з Беластока.
— Вялікі чацвер гэта дзень, калі адбылася тайная вячэра і гэта дзень, калі многія праваслаўныя хрысціяне прыходзяць да Прычасця. Гэта дзень, калі было ўстаноўлена таінства Еўрахарыстыі. Кожны раз, калі мы служым літургію, мы не толькі паўтараем тыя падзеі, але мы дакранаемся да містыкі вячэры Вялікага чацвярга.
У кафедральных цэрквах службу служыць першы іерарх мясцовай царквы, і ён выконвае абрад абмывання ног святароў, узгадваючы евангельскую падзею, калі Ісус абмыў ногі сваім вучням.
Увечары служыцца ранішня Вялікай пятніцы. Вернікі, з запаленымі свечкамі, слухаюць 12 Евангелляў — гэта фрагменты, у якіх гаворыцца пра апошнія дні жыцця Ісуса Хрыста.
У народнай традыцыі Вялікі чацвер называецца «чыстым». Згодна са звычаем, у гэты дзень трэба завяршыць усе прыборкі і падрыхтоўку да святаў, каб у апошнія дні можна было засяродзіцца на духоўным вымярэнні Уваскрэсення Гасподняга.
IAR/яс