Больш за дзясятак шароў з кантрабандай заляцелі на тэрыторыю Польшчы. Як паведамляе RMF FM, іх заўважылі ў Вармінска-Мазурскім і Падляшскім ваяводствах.
Паводле звестак радыёстнацыі, шары бачылі ў раёнах Элка, Гіжыцка, Барташыц і паблізу Алэцка. У Падляшскім ваяводстве адзін з шароў выявілі ў Семятычах і ў вёсцы Лопуша.
Паведамленне пра гэта паступіла каля 6-й раніцы. Паліцыя заклікае захоўваць асцярожнасць.
— У выпадку выяўлення падазроных прадметаў, асабліва шароў з прымацаваным грузам, не набліжайцеся і не дакранайцеся да іх. Яны могуць выкарыстоўвацца для кантрабанды і ўяўляць рэальную пагрозу, — адзначыў прадстаўнік паліцыі.
Звычайна такія шары абсталяваныя GPS-прымачамі, каб іх можна было адсачыць і забраць груз. Паводле папярэдняй інфармацыі, у пакунках знаходзіліся беларускія цыгарэты.
эж