Беларуская Служба

Палякі ўшаноўваюць памяць тысяч ахвяр Катынскага злачынства

12.04.2026 08:23
Пасля ўварвання ў Польшчу 17 верасня 1939 г. Чырвоная армія ўзяла ў палон больш за 250 тысяч грамадзян Польшчы.
    .
Польскія ваенныя могілкі ў Катыні. Фота: shutterstock.com/Alexander Kobelyatskiy

Сёння, 12 красавіка ў Катынскім музеі ў Варшаве адбудзецца ўшанаванне палякаў, забітых у савецкім палоне ў 1940 годзе. Цырымонія (пачатак у 10.00) адбудзецца з удзелам сваякоў забітых і прадстаўнікоў улад.

Заўтра (13 красавіка) адзначаецца Дзень памяці ахвяр Катынскага расстрэлу. Праўда пра гэта хавалася гадамі, а Крэмль перакладваў віну на немцаў. Але яму не ўдалося знішчыць у паляках памяць пра злачынства, здзейсненае саветамі, — адзначае доктар гістарычных навук Шымон Недзеля (Szymon Niedziela).

— Амаль у кожным касцёле на тэрыторыі Польшчы мы ўбачым мемарыяльную дошку, прысвечаную Катыні, практычна на кожных могілках можна ўбачыць крыж, пастаўлены з думкай пра ахвяр. Нічога так не яднае палякаў, як памяць пра магілы людзей, якія аддалі жыццё за Айчыну. Незалежна ад таго, ці ён прайграў, ці выйграў. Такая самаахвярнасць нас вельмі натхняе. Я не сустракаю гэтай рысы ў ніводным заходнееўрапейскім народзе.

Пасля ўварвання ў Польшчу 17 верасня 1939 г. Чырвоная армія ўзяла ў палон больш за 250 тысяч польскіх салдат і афіцэраў. Некаторых з іх адправілі ў лагеры, а іншых, у асноўным радавых, адпусцілі. Аднак Крэмль палічыў афіцэраў і іншых прадстаўнікоў польскай эліты занадта небяспечнымі для сваіх імперскіх планаў. 5 сакавіка 1940 г. Сталін і прадстаўнікі вышэйшых уладаў СССР падпісалі загад аб іх таемным забойстве, які быў выкананы вясной 1940 г. Стрэлам у патыліцу нквдэшнікі забілі каля 22 тысяч польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, чыноўнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў Катыні, Харкаве і Цверы.

Сярод забітых у Катыні палякаў была адна жанчына, польская лётчыца і парашутыстка, падпаручнік Яніна Левандоўская, у дзявоцтве Доўбар-Мусніцкая.

IAR/нг

У Польшчы пачалася агульнанацыянальная кампанія «Я памятаю. Катынь 1940».

11.04.2026 12:15
«Гэта кампанія, праводзіцца як напамін пра Катынскае злачынства і абуджэнне калектыўнай памяці пра яго канкрэтных ахвяр», – кажа Якуб Керсікоўскі, кіраўнік аддзела мерапрыемстваў і прасоўвання дзейнасці Інстытута імя Пілецкага.