Беларуская Служба

Варшава і Рым паглыбляюць каардынацыю на міжнароднай арэне 

21.04.2026 17:03
Віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі правядзе перамовы са сваім італьянскім калегам Антоніа Таяні.
МЗС Польшчыgov.pl

У сераду, 22 красавіка, у Рыме адбудзецца сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Польшчы і Італіі ў межах стратэгічнага форуму «THE BRIDGE». Віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі правядзе перамовы са сваім італьянскім калегам Антоніа Таяні.

Форум мае на мэце ўмацаванне супрацоўніцтва паміж краінамі і стварэнне «палітычнага маста» паміж Балтыкай і Міжземнамор’ем. Асобная ўвага будзе нададзена агульным выклікам бяспекі, вайне ва Украіне і на Блізкім Усходзе, а таксама пытанням пашырэння Еўрасаюза і ролі Еўропы ў Афрыцы.

Ключавым вынікам сустрэчы стане падпісанне Мемарандума аб паразуменні паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін. Дакумент прадугледжвае правядзенне рэгулярных кансультацый і развіццё стратэгічнага супрацоўніцтва на розных узроўнях — ад экспертнага да міжурадавага.

У МЗС Польшчы падкрэсліваюць, што гэта пагадненне павінна значна паглыбіць каардынацыю дзеянняў Варшавы і Рыма ў міжнароднай палітыцы.

pap/ez