Беларуская Служба

«Варшаўскі мост»: Роман Чэярэк раскрывае тайны Чарнобыля

30.04.2026 16:01
Польскае радыё прадстаўляе новы падкаст — Czarnobyl. Prawdziwa historia.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Р.Чэярэк пра падкаст Польскага радыё Czarnobyl. Prawdziwa historia.
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://x.com/polskieradiopl/status/2047166069786157299/photo/1

Роман Чэярэк (Roman Czejarek) — вядомы журналіст Польскага радыё, які на працягу многіх гадоў займаецца папулярызацыяй гісторыі і асвятленнем грамадска значных тэм. Яго новы падкаст прысвечаны катастрофе на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ва Украінскай ССР 26 красавіка 1986 года. Як вядома, гэта трагедыя моцна закранула Беларусь.


 

Прэм’ера падкаста Czarnobyl. Prawdziwa historia («Чарнобыль. Сапраўдная гісторыя») адбылася 23 красавіка на сайце polskieradio.pl і ў стрымінгавых сэрвісах. Новыя серыі з’явяцца ўжо ў бліжэйшы час.

Роман Чэярэк успамінае той дзень, калі даведаўся пра катастрофу на ЧАЭС.

— Я вельмі добра памятаю той момант. Я тады быў студэнтам, і гэта быў момант, калі ў нас «звар’яцелі» прыборы. Вядома, у Польшчы ніхто пра саму катастрофу не ведаў — мы даведаліся пра яе са спазненнем. У той дзень, гэта была субота, у мяне пасля абеду былі заняткі на электратэхнічным факультэце ў Шчэцінскай палітэхніцы (па адукацыі я энергетык, займаўся якраз атамнымі электрастанцыямі). Мы рабілі нейкія вымярэнні, і прыборы зашкальвалі. А нам у галаву не прыйшло, што яны «шалеюць» таму, што нешта адбылося дзесьці на нейкай АЭС. Спачатку мы падазравалі паломку гэтых прыбораў, а потым нашы падазрэнні скіраваліся ў бок ГДР, за 80 км ад Шчэціна, дзе была атамная электрастанцыя ў Грайфсвальдзе — дарэчы, вельмі падобнай канструкцыі да чарнобыльскай. І мы падазравалі, што ў немцаў зноў нешта не атрымалася, бо такое ўжо здаралася раней, некалькі гадоў датуль, і што гэта вынік гэтага павышанага выпраменьвання.

Пра што расказваюць людзі ў вашых падкастах?

— Нядаўна я размаўляў з чалавекам, які добраахвотна паехаў на Чарнобыльскую АЭС і амаль год працаваў, адразу пасля той аварыі, пасля выбуху. Я ў яго пытаюся, чаму ён туды паехаў. А ён тлумачыць, што савецкія ўлады набіралі людзей на працу, а там можна было добра зарабіць: яму прапанавалі стаўку ў дзесяць разоў большую, чым на яго заводзе. Ён быў будаўніком. Гаворка ішла пра будаўнічыя работы там, у разбураным рэактары, потым на саркафагу і гэтак далей. І ён і яго калегі ўвогуле не размаўлялі пра радыяцыю і забруджванне. Яны ведалі, што адбылася нейкая катастрофа, але не ўсведамлялі наступстваў. Іх размовы былі пра тое, што калі ўжо заробяць тыя дадатковыя грошы, якія ім абяцалі, то адзін марыў пра машыну і расказваў, які аўтамабіль купіць, а нехта іншы гаварыў, што адкладае на кватэру і, магчыма, зможа яе купіць, бо стаіць у чарзе ў жыллёвым кааператыве. Вось такімі рэчамі яны жылі. Я хацеў бы праз лёсы людзей таксама расказаць пра саму катастрофу і вельмі хацеў бы растлумачыць слухачам, што на самай справе адбылося. Бо гэта складана. Я ведаю многіх вучоных, яны, дарэчы, таксама з’яўляюцца гасцямі падкаста, і праблема ў тым, што яны гавораць вельмі герметычнай мовай. Карыстаюцца тысячамі тэрмінаў, якія гучаць вельмі разумна. Як жа растлумачыць, што сапраўды адбылося той ноччу? Чаму а 1:23 ночы гэты рэактар, які тэарэтычна ніколі не павінен быў выбухнуць, выбухнуў? Што там узарвалася? Варта, напрыклад, ведаць, што Чарнобыльская АЭС не была звычайнай. Гэта была станцыя спецыяльнага тыпу, адна з многіх у былым Савецкім Саюзе, якая служыла для таго, каб разам з электраэнергіяй вырабляць сыравіну для ядзерных бомб. Для ядзерных бомб патрэбна была вялікая колькасць плутонію. У заходніх электрастанцыях тэхнічныя рашэнні былі зусім іншыя, бо іх будавалі проста для таго, каб яны выраблялі энергію. А тут было так, што кожныя тры месяцы трэба было зазіраць у рэактар і выцягваць з яго стрыжні. Бо гэтыя стрыжні якраз і былі палівам для вытворчасці ядзернай зброі, якую савецкі бок хацеў стварыць як мага больш у гонцы ўзбраенняў халоднай вайны. Гэта прывяло да таго, што канструкцыя была зусім іншай — даволі рызыкоўнай, недастаткова абароненай. Гэта адна з таямніц, адзін з сакрэтаў, які доўга быў схаваны. Да 1991 года дакументы мелі грыф «зусім сакрэтна», і толькі потым іх рассакрэцілі, знялі гэтыя грыфы.

Беларусь найбольш пацярпела ў выніку гэтай катастрофы. Вядомы нобелеўскі лаўрэат беларуска Святлана Алексіевіч напісала кнігу «Чарнобыльская малітва». Ці чыталі вы яе?

— Я стараўся прачытаць усё, што можна на гэтую тэму, бо чым больш чалавек ведае, тым прасцей яму зразумець, што адбылося, нават калі ён з чымсьці не пагаджаецца. Жонка смяецца, што дома ў нас ужо некалькі паліц пад назвай «Чарнобыль». Я таксама паглядзеў усе магчымыя праграмы, якія былі даступныя па тэлебачанні, і паслухаў радыёперадачы. Ёсць славуты серыял вытворчасці тэлекампаніі HBO, які сфарміраваў вобраз гэтай катастрофы, асабліва ў Польшчы. Гэта, бадай, найлепшы фільм на гэтую тэму, але там таксама ёсць шмат скажэнняў. А людзям часам здаецца, што калі яны нешта бачылі на экране, то менавіта так і было. Але гэта не так — было зусім інакш. Проста рэжысёр гэтага серыяла і акцёры павінны былі паказаць гэта так, каб было больш зразумела. Напрыклад, ёсць там сцэна, калі на электрастанцыі а 1:23 ночы адбываецца выбух, а людзі стаяць у горадзе Прыпяці, каля АЭС, на мосце, які называюць Мосцікам Смерці, і на іх ападае белы «радыёактыўны снег». Гэта выглядае як снег, але на самай справе гэта пыл — часцінкі рэактара, падхопленыя ветрам, а вецер быў даволі моцны. Яны стаяць, ловяць часцінкі, яны шчаслівыя, усё злёгку фасфарызуецца. І ўсе перакананы, што так і было. Аднак такой сцэны ў рэальнасці не было. Гэты мост, вядома, існуе, але ніхто а другой гадзіне ночы з дзіцем у калясцы і з бутэлькай гарэлкі — як гэта паказана — там не стаяў. Проста людзі не ведалі, што адбываецца. Яны чулі пра нейкі пажар, да якога некаторыя паехалі — і ўсё. І такіх кінаміфаў значна больш.

З вашай пункту гледжання, паколькі Беларусь нядаўна пабудавала Астравецкую АЭС, пры наяўнасці многіх яе праціўнікаў, а Польшча ўжо пачала будаўніцтва атамнай электрастанцыі, ці сучасныя электрастанцыі бяспечныя?

— З пункту гледжання інжынера, ніводная прылада, створаная чалавекам, не з’яўляецца ідэальнай і кожная можа сапсавацца. Аднак ёсць паломкі з драматычнымі наступствамі. Просты прыклад — самалёт. Калі ў аўтамабілі зламаецца рухавік, мы спынімся і выклічам дапамогу. Калі ж гэта здарыцца ў самалёце — наступствы могуць быць трагічнымі. Падобна і з атамнай электрастанцыяй — яна патрабуе сістэм бяспекі як у самалёце, толькі ў дзесяць разоў больш, бо наступствы нават невялікай аварыі могуць быць сур’ёзнымі. Але людзі навучыліся гэтым кіраваць. Праўда, у свой час Германія вырашыла адмовіцца ад атамнай энергетыкі — пад уплывам палітыкі і грамадскіх настрояў. Сёння пра гэта шкадуюць, але тады гэта выглядала разумным рашэннем. Аднак я лічу, што электрастанцыі бяспечныя, але больш баюся таго, хто і як іх будзе будаваць, бо калі ў гэта ўмешваецца палітыка, гэта дрэнна...

На заканчэнне нашай размовы Раман Чэярэк падзяліўся ідэяй падрыхтаваць версію падкаста з перакладам на  беларускую мову.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мара Тамковіч здымае ў Польшчы новы фільм пра Беларусь

25.09.2025 15:21
Польска-беларуская рэжысёрка і сцэнарыстка аналізуе становішча беларусаў у Беларусі і Польшчы.