Беларуская Служба

Касцёл у Польшчы рыхтуецца да найгоршага. Ствараюцца парафіяльныя групы грамадзянскай абароны

21.05.2026 14:33
У Каталіцкім касцёле Польшчы падкрэсліваюць, што многія палякі проста не маюць базавых ведаў пра паводзіны ў надзвычайных сітуацыях.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Ri_Ya/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы пры каталіцкіх парафіях пачалі ствараць Парафіяльныя групы грамадзянскай абароны. Ініцыятары кажуць, што штуршком стаў досвед вайны ва Украіне, дзе цэрквы часта рабіліся першым месцам дапамогі для людзей падчас абстрэлаў і гуманітарных крызісаў.

Удзельнікаў групаў вучаць, як дзейнічаць пры адключэнні электрычнасці, праблемах з доступам да вады, эвакуацыі або паветранай трывозе. Пры парафіях ствараюць асобныя каманды: медычныя, псіхалагічныя, транспартныя і апякунскія. Напрыклад, кіроўцы змогуць дастаўляць людзей у шпіталі, а валанцёры — дапамагаць дзецям і пажылым.

Першыя такія структуры ўжо дзейнічаюць у Варшаве. У Каталіцкім касцёле Польшчы падкрэсліваюць, што многія палякі проста не маюць базавых ведаў пра паводзіны ў надзвычайных сітуацыях.

Да навучання далучыліся Caritas і дзяржаўныя структуры. Частка ўдзельнікаў ужо прайшла трэнінгі ў межах праграмы Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы «wGotowości». Ініцыятары хочуць, каб падобныя групы з'явіліся па ўсёй краіне.

pr/эж