Беларуская Служба

Польскі вайсковы суд апраўдаў салдата, які адкрыў агонь на мяжы з Беларуссю

27.05.2026 16:38
У 2024 годзе ён зрабіў 12 стрэлаў са сваёй табельнай зброі па 10-ці чалавеках, якія спрабавалі незаконна перакрочыць беларуска-польскую мяжу.
 .   .
Караль С. падчас паседжання суда. PAP/Wojtek Jargiło

Люблінскі гарнізонны вайсковы суд апраўдаў салдата па справе аб прымяненні агнястрэльнай зброі на мяжы з Беларуссю. Пракуратура абвінавачвала Караля С. у перавышэнні паўнамоцтваў і стварэнні небяспекі для жыцця і здароўя іншых людзей.

У 2024 годзе ён зрабіў 12 стрэлаў са сваёй табельнай зброі па 10-ці чалавеках, якія спрабавалі незаконна перакрочыць беларуска-польскую мяжу. Пад абстрэл таксама выпадкова трапілі два афіцэры Памежнай службы Польшчы і двое салдат польскай арміі. Інцыдэнт адбыўся на мяжы з Беларуссю каля вёскі Дубічы-Царкоўныя ў Падляскім ваяводстве.

— Салдат быў адпраўлены на мяжу абараняць яе, і менавіта гэтак ён выконваў сваю задачу, — заявіў падчас паседжання суддзя, падпалкоўнік Радаслаў Гунэк.

Паводле яго слоў, прымяненне зброі Каралем С. справакавала ўцёкі парушальнікаў мяжы, што сведчыць пра надзейную ахову граніцы.

Сам абвінавачаны сказаў, што дзяржаўныя службы Польшчы і іх супрацоўнікі не знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, назваўшы гэта «сістэмнай праблемай». Караль С. пакінуў войска па ўласным жаданні. Паводле адваката экс-салдата, абвінавачванні супраць яго былі «гіпербалічнымі» і заснаванымі на «домыслах».

Прысуд не з'яўляецца канчатковым і можа быць абскарджаны.

вс