Нідэрланды падоўжаць прысутнасць сваіх вайскоўцаў і сістэм «Patriot» у Польшчы да снежня, абвясціў міністр нацыянальнай абароны Польшчы.
— Прысутнасць хаўрусніцкіх войскаў умацоўвае стрымліванне, — напісаў Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) у сацыяльных сетках.
Ён падкрэсліў, што Польшча гатовая абараняць сваю ўласную тэрыторыю, але бяспека ўсходняй мяжы НАТА застаецца сумеснай адказнасцю дзяржаў-членаў Альянсу.
Міністр таксама абвясціў пра працяг перамоваў адносна далейшага ўдзелу іншых краін-членаў НАТА ў абароне ўсходняга флангу НАТА, у тым ліку колькасці і характары амерыканскай ваеннай прысутнасці ў Польшчы.
— Сёння я таксама меў доўгую размову з паслом ЗША Томам Роўзам пра магчымасці і патэнцыял. Мы падтрымліваем сувязь з Пентагонам і прадастаўляем нашым амерыканскім хаўруснікам дадатковую інфармацыю. Я аптымістычна настроены, бо гэта могуць быць сапраўды значныя і пазітыўныя рашэнні адносна не толькі колькасці войскаў, але і іх далейшай прысутнасці і інвестыцый у Польшчы, — заявіў міністр.
Міністр нацыянальнай абароны таксама заявіў, што на ўзроўні НАТА вядуцца дыскусіі адносна магчымага размяшчэння ядзернай зброі ў Польшчы. Ён абмяркуе гэтае пытанне з міністрамі абароны Альянсу 18 чэрвеня ў штаб-кватэры НАТА ў Бруселі.
Нагадаем, галандскія сістэмы «Patriot» знаходзяцца ў Польшчы са снежня мінулага года, разам з імі там размешчаны каля 150 галандскіх вайскоўцаў. Сістэмы прызначаны для забеспячэння абароны цэнтра НАТА, які адказвае за каардынацыю паставак ваеннай тэхнікі ва Украіну.
Астатнія элементы галандскай сістэмы супрацьпаветранай абароны, у тым ліку сістэмы NASAMS і сродкі барацьбы з беспілотнікамі, вернуцца ў Нідэрланды ў чэрвені.
Паводле звестак НАТА, лагістычны цэнтр «Жэшаў-Ясёнка» штомесяц абслугоўвае амаль 18 000 тон абсталявання і матэрыялаў для ўзброеных сіл Украіны.
IAR/аз