Беларуская Служба

Прэм'ер Дональд Туск заклікаў прэзідэнтаў Польшчы і Украіны да прамой і шчырай размовы

08.06.2026 12:36
Капітула «Ордэна Белага Арла» разглядае прапанову прэзідэнта Наўроцкага адабраць Зяленскаму найвышэйшую польскую дзяржузнагароду.
Прэм'ер Дональд Туск PAP/Marcin Obara

Якой будзе рэакцыя Польшчы на рашэнне Уладзіміра Зяленскага прысвоіць аднаму з украінскіх вайсковых падраздзяленняў званне «Героі УПА»? Сёння гэтае пытанне разглядае Капітула «Ордэна Белага Арла» — найвышэйшай польскай дзяржаўнай узнагароды.

Прэзідэнт Караль Наўроцкі, які з’яўляецца старшынёй Капітулы, прапануе пазбавіць прэзідэнта Украіны «Ордэна Белага Арла», які Уладзімір Зяленскі атрымаў у 2023 годзе ад прэзідэнта Анджэя Дуды за ўклад у развіццё польска-ўкраінскіх адносін.

Польскі прэзідэнт мае на гэта права, калі Капітула вырашыць, што «ўзнагароджаны здзейсніў дзеянне, якое зрабіла яго нявартым ордэна або ўзнагароды».

Між тым, прэмʼер Дональд Туск заклікаў прэзідэнтаў Польшчы і Украіны да прамой і шчырай размовы, «пакуль эмоцыі не знішчаць салідарнасць, якая нарадзілася перад абліччам расійскай пагрозы». Кіраўнік польскага ўрада прызнаў, што дыпламатычныя захады ў гэтым выпадку не далі вынікаў.

Кіраўнік польскага ўрада напісаў у сацсетках, што супрацоўніцтва паміж Варшавай і Кіевам адпавядае інтарэсам Польшчы і Украіны, а канфлікт — Маскве.

Пытанне аб прысваенні ўкраінскаму вайсковаму падраздзяленню імя «Героі УПА» выклікала моцныя эмоцыі ў Польшчы. Паводле апытання, праведзенага Даследчым інстытутам Pollster для штодзёнкі «Super Express», 52 працэнты палякаў падтрымалі прапанову прэзідэнта Польшчы пазбавіць Уладзіміра Зяленскага найвышэйшай польскай дзяржузнагароды. 24 працэнты рэспандэнтаў не пагадзіліся з гэтым, а яшчэ 24 працэнты заявілі, што не маюць меркавання па гэтым пытанні.

IAR/аз

Прэзідэнт Польшчы: Украіна ментальна не гатовая стаць часткай еўрапейскай сям'і

29.05.2026 12:20
Караль Наўроцкі прапануе забраць у Зяленскага прэстыжную польскую ўзнагароду.