Беларуская Служба

Малады акардэаніст з Польшчы перамог у конкурсе маладых музыкантаў «Еўрабачанне»

08.06.2026 15:30
Музыканты з Польшчы раней перамагалі ў конкурсе ў 1992, 2000 і 2016 гадах.
            - 2026
Малады акардэаніст з Польшчы Міхал Стохэль перамогу ў Конкурсе маладых музыкантаў «Еўрабачанне - 2026»Fot. Danuta Matloch / MKiDN

Васямнаццацігадовы Міхал Стохэль (Michał Stochel) перамог у конкурсе маладых музыкантаў «Еўрабачанне -2026». Гэта чацвёртая перамога Польшчы ў гісторыі конкурсу.

Фінал адбыўся ў суботу ўвечары ў Ерэване, сталіцы Арменіі. Пасля вяртання ў Польшчу артыст падкрэсліў, што гэта вельмі важная для яго ўзнагарода.

— Перш за ўсё, вялікае шчасце, вялікая радасць, бо ўся мая праца, а таксама праца майго настаўніка, проста акупілася. Падчас фіналу «Еўрабачання» я павінен быў выканаць трэцюю частку з «Класічнага канцэрта» сучаснага польскага кампазітара Мікалая Майкусяка. Гэта выдатны твор, і я сапраўды быў рады магчымасці яго выканаць. Я думаю, што гэтая перамога адкрывае для мяне дзверы. Яна дасць мне выдатную магчымасць выступіць на розных сцэнах. Прыз за першае месца ўключае канцэрт з Нацыянальным аркестрам Арменіі. Я думаю, што гэта будзе вельмі карысна для мяне, і я таксама змагу шмат чаму навучыцца, — заявіў малады чалавек.

Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны павіншавала маладога музыканта.

— Вялікія віншаванні Міхалу і яго настаўнікам з комплексу дзяржаўных музычных школ у Пшэмыслі. Польская культура перамагае!, — гаворыцца ў паведамленні.

Конкурс маладых музыкантаў «Еўрабачанне» арганізуецца Еўрапейскім вяшчальным саюзам ужо 44 гады. Ён праходзіць кожныя два гады і прадстаўляе маладых артыстаў ва ўзросце ад 12 да 21 года, якія выконваюць класічную музыку.

У сёлетнім конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі з 11 краін. Другое месца заняла Латвія, а трэцяе — Арменія. Польскія музыканты раней перамагалі ў конкурсе ў 1992, 2000 і 2016 гадах. Польшча займае другое месца па колькасці перамог, саступаючы толькі Аўстрыі.

IAR/аз