Віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў у Сейме, што ўзбраенне, закупленае ў межах еўрапейскай праграмы SAFE, не будзе перадавацца Украіне. Паводле слоў, сродкі з Фонду падтрымкі ўзброеных сіл Польшчы могуць выкарыстоўвацца выключна для мадэрнізацыі польскай арміі.
Палітык назваў ілжывымі паведамленні пра тое, што набытая за еўрапейскія грошы тэхніка нібыта трапіць ва Украіну.
Каментуючы напружанне ў польска-ўкраінскіх адносінах пасля рашэння Кіева надаць адной з вайсковых частак імя герояў УПА, Касіняк-Камыш адзначыў, што гэты крок выклікае нязгоду ў Польшчы. Разам з тым ён падкрэсліў важнасць падтрымкі Украіны.
— Сёння мяжа польскай бяспекі знаходзіцца на ўкраінска-расійскім фронце. Там ваююць сапраўдныя героі, якія даюць час Польшчы і НАТА, каб мы маглі быць мацнейшымі і больш бяспечнымі, — заявіў віцэ-прэм'ер.
pap/эж