16 чэрвеня адбудзецца пазачарговае пасяджэнне Камітэта Савета міністраў па пытаннях нацыянальнай бяспекі, якое ўзначаліць прэм'ер-міністр Дональд Туск.
— Мы рыхтуем Польшчу да павелічэння прысутнасці амерыканскіх войскаў. Наперадзе важныя і добрыя рашэнні для Польшчы, — паведаміў кіраўнік Мінабароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Раней ён заявіў, што перадаў міністру вайны ЗША Піту Хегсету афіцыйную прапанову аб стварэнні новай пастаяннай базы амерыканскіх войскаў у Польшчы.
Пазней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што ЗША накіруюць у Польшчу яшчэ 5 тыс. вайскоўцаў. Паводле яго слоў, гэтае рашэнне прынятае на падставе добрых адносін з прэзідэнтам Наўроцкім, якога ён падтрымаў перад выбарамі 2025 года.
Караль Наўроцкі ў нядзелю адпраўляецца з візітам у Вашынгтон па запрашэнні Дональда Трампа. Ён прыме ўдзел, у прыватнасці, у арганізаванай у Белым доме гала-шоу змешаных адзінаборстваў UFC Freedom 250, прысвечанай 250-годдзю заснавання ЗША, і якое праходзіць у дзень нараджэння амерыканскага прэзідэнта.
Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў, што Наўроцкі ў Вашынгтоне будзе размаўляць з Трампам напрамую аб ключавых пытаннях польскай бяспекі, двухбаковых адносінах і энергетычна-эканамічным супрацоўніцтве.
Ён падкрэсліў, што апроч эканамічнага, энергетычнага і палітычнага парадку дня, галоўным пытаннем застаецца бяспека і прысутнасць амерыканскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Польшчы. Таксама будзе абмяркоўвацца пытанне пастаяннага размяшчэння амерыканскіх войск у краіне.
Кіраўнік бюро дадаў, што Наўроцкі падчас візіту ў ЗША сустрэнецца таксама з польскай дыяспарай.
ам