Беларуская Служба

Радаслаў Сікорскі дабіваецца для Польшчы месца за сталом перамоў па Украіне

20.06.2026 14:53
Сікорскі прапанаваў выкарыстоўваць наяўныя механізмы Еўрапейскага Саюза для прадстаўніцтва Еўропы на магчымых мірных перамовах або стварыць адмысловую кааліцыю дзяржаў.
Радаслаў СікорскіPAP/Paweł Supernak

Віцэ-прэм'ер, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заклікаў уключыць Польшчу ў кола еўрапейскіх краін, якія будуць удзельнічаць у перамовах аб спыненні вайны ва Украіне. У інтэрв’ю нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung дыпламат падкрэсліў асаблівую ролю Варшавы ў рэгіёне.

— Мы з’яўляемся суседзямі як Расіі, так і Украіны, а Нямеччына — не, — заявіў Сікорскі.

Польскі палітык адзначыў, што краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы нясуць большыя рызыкі, звязаныя з расійскай агрэсіяй, чым дзяржавы Заходняй Еўропы, нагадаўшы, што праз тэрыторыю Польшчы праходзіць асноўная частка паставак заходняй зброі для Украіны.

— Польшча нясе рызыку і таму патрабуе месца за сталом перамоваў, — падкрэсліў міністр.

Сікорскі прапанаваў выкарыстоўваць наяўныя механізмы Еўрапейскага Саюза для прадстаўніцтва Еўропы на магчымых мірных перамовах або стварыць адмысловую кааліцыю дзяржаў.

iar/эж