Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Неапазнаны абʼект заляцеў на польскую тэрыторыю

30.07.2026 09:34
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі паведамляе пра парушэнне паветранай прасторы Польшчы.
    -
Пасяджэнне ўрада ў канцылярыі прэм'ер-міністра ў ВаршавеFoto: PAP/Albert Zawada

Неапазнаны абʼект уначы заляцеў у Польшчу. У Білгарайскім павеце Люблінскага ваяводства быў выяўлены кратар ад выбуху. У горадзе Тарнава-Калонія сілы правапарадку ачапілі кратар і збіраюць раскіданыя часткі неапазнанага абʼекта. Яны былі выяўлены ў полі прыблізна за два кіламетры ад будынкаў.

Паводле звестак вайскоўцаў, неапазнаны абʼект уляцеў у паветраную прастору Польшчы а 3:40 раніцы. У гэты раён быў адпраўлены знішчальнік F-16 для разведкі і перахопу. Праз шэсць хвілін, перш чым яго ўдалося выразна ідэнтыфікаваць, абʼект знік з радараў, патлумачыла Аператыўнае камандаванне Узброеных Сіл. Жыхары паведамілі, што чулі выбух.

На месца здарэння быў адпраўлены верталёт Мі-24. Экіпаж вызначыў верагоднае месца падзення абʼекта — неасвоеную тэрыторыю каля горада Тарнава-Калонія. На месцы здарэння працягваюцца аператыўныя мерапрыемствы.

З-за парушэння польскай паветранай прасторы ў чацвер раніцай была неадкладна ўведзена працэдура SPO13 і актываваны сірэны трывогі як самы хуткі спосаб паведамлення аб пагрозе. Парушэнне працягвалася прыблізна 13 хвілін, паведаміў у чацвер міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі.

Прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Караліна Галэцка паведаміла на платформе X, што міністр Кервінскі знаходзіцца на шляху ў Люблінскі рэгіён з-за начнога парушэння польскай паветранай прасторы.

— Ён прыме ўдзел у каманднай сустрэчы, скліканай прэмʼер-міністрам Дональдам Тускам, — сказала яна.

Прэмʼер-міністр Дональд Туск напісаў у чацвер на платформе X, што з-за парушэння польскай паветранай прасторы падчас масіраванага ракетнага ўдару Расіі па заходняй Украіне ён склікаў каардынацыйную групу з міністрам нацыянальнай абароны і адпаведнымі службамі, якія «працуюць на месцы здарэння ўжо шмат гадзін і сістэматычна прадстаўляюць яму інфармацыю аб усіх абставінах».

Усяго армія назірала не менш як за дзясяткам ракет, якія дзейнічалі над заходняй Украінай, і якія з-за свайго кірунку палёту маглі ўяўляць патэнцыйную пагрозу для польскай паветранай прасторы.

ПР/PAP/юл