Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) паведаміла пра затрыманне ў Варшаве грамадзяніна Украіны, якога падазраюць у спробе забойства прадстаўніка ўкраінскага абароннага сектара. Паводле следства, мужчына мог дзейнічаць па заданні расійскіх спецслужбаў, паведамляецца на сайце Польскага агенцтва друку.
Затрыманы 63-гадовы Сяргей П. быў арыштаваны 5 жніўня ў польскай сталіцы пасля таго, як ён збег з Украіны. Следчыя сцвярджаюць, што ён падклаў пад аўтамабіль сваёй патэнцыйнай ахвяры ў Ірпені пад Кіевам самаробную выбуховую прыладу. Выбух планавалася здзейсніць дыстанцыйна з дапамогай мабільнага тэлефона.
Аднак замах не адбыўся, бо механізм не спрацаваў. Пасля няўдалай спробы мужчына ўцёк у Польшчу. Супрацоўнікі ABW высветлілі ягонае месцазнаходжанне і затрымалі яго ў Варшаве. За інкрымінаваныя дзеянні яму пагражае нават пажыццёвае зняволенне.
Польскія спецслужбы нагадваюць, што гэта ўжо не першы падобны выпадак. 7 жніўня ў Варшаве быў затрыманы грамадзянін Расіі, які, паводле следства, рыхтаваў забойства грамадзяніна ЗША і Украіны, нязручнага для рэжыму Уладзіміра Пуціна.
яс