Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Падары мяч, падары надзею». Польскае радыё працягвае збор мячоў для маладых спартсменаў з Харкава

11.09.2026 11:04
Магчыма, гэтая ініцыятыва дапаможа адкрыць шлях у вялікі спорт новым гульцам.
. .
Мяч. Ілюстрацыя.Фота: Alexander Fox/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дабрачынная акцыя па зборы футбольных мячоў для Харкава набліжаецца да завяршэння. Толькі да панядзелку, да 16.00 паводле польскага часу, у будынак Польскага радыё можна прынесці мяч, які пазней будзе адпраўлены ва Украіну.

Ініцыятыва зладжана сумесна з Фондам Humanosh, які з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне актыўна аказвае дапамогу жыхарам гэтай краіны.

Валанцёр фонду Пётр Скопец (Piotr Skopiec) кажа, што дзеці ва Украіне, у прыватнасці ў Харкаве, куды фонд дастаўляе дапамогу, спрабуюць забыць пра цяжкасці ваеннага часу, граючы ў розныя спартыўныя гульні. Для моладзі гэта каштоўныя сустрэчы з равеснікамі – падчас гульні ў футбол, баскетбол або валейбол.

— Гэты час дазваляе ім забыць пра тое, што ідзе вайна. І мы вырашылі пачаць такую акцыю – “Мячы для Харкава”. Мы збіраем мячы для футбольных камандаў Харкава. Іх каля трыццаці, дзеці гуляюць у футбол у гэтыя цяжкія часы, а калі трэба, бацькі асвятляюць месца гульні фарамі сваіх аўтамабіляў, каб дзеці маглі гуляць і хаця б на хвілінку забыць пра цяжкасці вайны.

Футбольныя мячы не абавязкова павінны быць у ідэальным стане. Аднак, па словах арганізатараў, яны павінны быць у такім стане, каб мы самі хацелі імі гуляць. У многіх з нас дома ёсць мячы, якія пакрываюцца пылам, а яны маглі б прынесці шмат радасці дзецям.

Магчыма, гэтая ініцыятыва дапаможа адкрыць шлях у вялікі спорт новым гульцам, падобным да Максіма Хланя. Футбаліст нарадзіўся ва Украіне, а цяпер выступае за польскі клуб «Гурнік Забжэ». Выдатны спартсмен таксама заклікае далучыцца да збору.

— Кожны заслугоўвае, каб граць у футбол, нават у ваенны час. Дзеўчынам і хлопцам ва Украіне не хапае элементарных рэчаў такіх, як мячы, але ў іх вялікая любоў да футболу. І таму яны прыходзяць на стадыёны і граюць. І таму я заклікаю далучыцца да збору мячоў, каб дзеці атрымлівалі асалоду ад гульні і маглі не думаць пра жыццё ў ваенным часе. Падары мяч, падары надзею. Збіраем мячы для дзяцей з Харкава.

Мячы можна прыносіць да 16:00 панядзелка ў будынак Польскага радыё па адрасе: Праспект Незалежнасці (Aleja Niepodległości), 77/85.

нг