Польскія школы ў бліжэйшыя тыдні атрымаюць адзіныя рэкамендацыі па дзеяннях у выпадку надзвычайных сітуацый. Іх падрыхтоўкай займаюцца Міністэрства адукацыі і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі пасля падзей 17 верасня, калі праз паветраную пагрозу ў двух ваяводствах прагучалі сірэны.
Прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Эвеліна Гожыца заявіла, што новыя правілы павінны дапамагчы школам хутчэй рэагаваць на пагрозы.
— Мы хочам, каб усе школы ў Польшчы мелі адзіныя стандарты і працэдуры эвакуацыі. Мы хочам, каб рэкамендацыі, якія мы сфармулюем для дырэктараў школ і якія будуць датычыцца гэтых працэдур эвакуацыі, былі агульнымі рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, — сказала Гожыца.
Падчас паветранай трывогі 17 верасня адны дырэктары прасілі бацькоў забраць дзяцей са школы, а іншыя загадвалі вучням перайсці ў падвалы і калідоры, далей ад вокнаў. Школы таксама могуць удзельнічаць у праграме «Адукацыя з войскам», дзе вучаць паводзінам падчас крызісных сітуацый.
iar/эж