Польшча ўжо некалькі гадоў утрымлівае першае месца ў Еўрасаюзе па вытворчасці гарбузоў. Летась на краіну прыпала 35% усяго ўраджаю гэтай культуры ў ЕС — 436 тысяч тон, паведамляе польскі Нацыянальны цэнтр падтрымкі сельскай гаспадаркі.
Польшча захоўвае лідарства з 2020 года, апярэджваючы іншых буйных вытворцаў — Францыю, Іспанію, Германію і Партугалію. Пры гэтым польскія гаспадаркі працягваюць пашыраць пасевы: за дзесяцігоддзе плошча пад гарбузамі павялічылася больш як у восем разоў.
Нягледзячы на вялікія аб’ёмы вытворчасці, на экспарт ідзе толькі невялікая частка ўраджаю. Асноўнымі замежнымі рынкамі для польскіх гарбузоў застаюцца Італія і Германія.
У Нацыянальным цэнтры падтрымкі сельскай гаспадаркі адзначаюць, што попыт падтрымлівае шырокае выкарыстанне гарбузоў не толькі ў харчовай прамысловасці, але таксама ў фармацэўтыцы і касметыцы. Гэта дазваляе краіне разлічваць на захаванне еўрапейскага лідарства.
pap/эж