У Познані пяцігадовы хлопчык з цукровым дыябетам атрымаў прэпарат, які можа спыніць развіццё хваробы. Ён стаў першым пацыентам, які праходзіць лячэнне гэтым сродкам у бальніцы імя Ёншара (Szpitalu im. Jonschera). Гэтая медыцынская ўстанова ўдзельнічае ў клінічных выпрабаваннях прэпарата для людзей, у якіх нядаўна дыягнаставалі цукровы дыябет 1-га тыпу.
— Мэта тэрапіі — палепшыць якасць жыцця пацыентаў з гэтым захворваннем», — кажа доктар Эльжбета Нехцял (Elżbieta Niechciał). — Каб была большая стабільнасць глікеміі, менш скокаў узроўню цукру, меншыя дозы прэпаратаў. Гэта дасць таксама магчымасць крыху больш свабодна жыць пацыенту, паколькі цукровы дыябет першага тыпу і яго тэрапія — гэта праца на працягу 24 гадзін у суткі. Наша мэта — каб у будучыні было менш ускладненняў, звязаных з захворваннем. Так што мы стараемся зірнуць далёка ў будучыню.
Гэты пяцігадовы хлопчык — першы пацыент у Познані, які быў адабраны для такой тэрапіі. Цяпер да яе рыхтуюць і іншых пацыентаў.
Прэпарат уводзяць нутравенна ў дзвюх дозах. Хлопчык атрымаў першую дозу сёння, а другую атрымае заўтра. Пасля гэтага ён застанецца пад пастаянным медыцынскім наглядам, а праз шэсць месяцаў яму зноў увядуць прэпарат.
У даследаванні ўдзельнічаюць шэсцьдзясят цэнтраў па ўсім свеце. Раней прэпарат ужо прымянялі для лячэння дарослых пацыентаў, і вынікі выпрабаванняў былі вельмі пазітыўнымі.
IAR/нг