Пасля перапынку ў 26 гадоў Польскія нацыянальныя авіялініі LOT 7 кастрычніка выканалі першы прамы рэйс з Варшавы ў Бангкок.
Новы маршрут злучае Польшчу з адным з галоўных дзелавых і турыстычных цэнтраў Паўднёва-Усходняй Азіі. Пералёт на Boeing 787 Dreamliner займае каля 10 гадзін 20 хвілін.
— Бангкок ужо шмат гадоў застаецца адным з найбольш прывабных і перспектыўных кірункаў у Азіі. Гэта горад, які спалучае характар глабальнага мегаполіса з унікальнай культурай, кухняй і спадчынай Тайланда, адначасова забяспечваючы лёгкі доступ да трапічных астравоў і найважнейшых кірункаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Запуск прамых рэйсаў з Варшавы — для LOT чарговы крок ва ўмацаванні прысутнасці ў гэтай частцы свету, а для пасажыраў — магчымасць хутчэй і зручней дабрацца да Тайланда. Новае злучэнне таксама паспрыяе ўмацаванню адносінаў паміж Польшчай і Тайландам і ўзмоцніць ролю Варшавы як натуральнага перасадачнага вузла для пасажыраў з Цэнтральнай Еўропы, якія падарожнічаюць у Паўднёва-Усходнюю Азію, — заявіў член праўлення LOT па камерцыйных пытаннях Роберт Рудэра.
З 2 лістапада рэйсы ў Бангкок будуць выконвацца шэсць разоў на тыдзень, акрамя пятніцы. У наступным годзе ў расклад палётаў кампаніі LOT будзе дададзены яшчэ адзін рэйс у Паўднёва-Усходнюю Азію — у Ханой, сталіцу В'етнама.