Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Справа Даніэля Абайтэка: пракуратура патрабуе арышту былога кіраўніка ORLEN

15.10.2026 21:08
Былога топ-менеджара абвінавачваюць у наўмысным нанясенні кампаніі маёмаснай шкоды ў каласальных памерах.
  (1- ),        (2- )
Даніэль Абайтэк (1-ы злева), лідар партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качынскі (2-і злева)PAP/Paweł Supernak

Нацыянальная пракуратура Польшчы звярнулася да Еўрапейскага парламента з афіцыйным запытам аб пазбаўленні імунітэту еўрадэпутата Даніэля Абайтэка, былога кіраўніка найбуйнейшага нафтавага канцэрна краіны ORLEN. Следчыя патрабуюць не проста зняць з палітыка недатыкальнасць, але і даць згоду на яго затрыманне ды ўзяцце пад варту.

Гэтая справа ўжо стала адным з найгучнейшых карупцыйных скандалаў сучаснай Польшчы. Былога топ-менеджара абвінавачваюць у наўмысным нанясенні кампаніі маёмаснай шкоды ў каласальных памерах. Гаворка ідзе пра суму, якая перавышае 4 мільярды 100 мільёнаў злотых.

Паводле матэрыялаў следства, увосень 2023 г., напярэдадні парламенцкіх выбараў, Абайтэк кіраваў штучным і эканамічна неабгрунтаваным заніжэннем коштаў на паліва на запраўках ORLEN.

Мэтай гэтай акцыі была падтрымка тагачаснай кіруючай партыі напярэдадні парламенцкіх выбараў. Палітычныя гульні прывялі да дэфіцыту на сотнях заправак і мільярдных стратаў для бюджэту кампаніі.

Згодна з Крымінальным кодэксам Польшчы, за злачынства такога маштабу Даніэлю Абaйтэку пагражае ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Сам палітык катэгарычна адкідае ўсе абвінавачванні і называе дзеянні пракуратуры «палітычным тэрорам».
Далейшае рашэнне – за юрыдычнай камісіяй і агульным галасаваннем Еўрапарламента, якое можа заняць некалькі месяцаў.

IAR/яс