Міністр нацыянальнай абароны Польшчы пацвердзіў, што ў лістападзе ў Варшаве адбудзецца сустрэча так званай «Групы Берген». Гэта фармат, створаны па ініцыятыве Злучаных Штатаў, якія хочуць абмеркаваць будучыню НАТА з краінамі, што выдаткоўваюць найбольш сродкаў на абарону.
Віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш у адказ на пытанне Польскага радыё пацвердзіў, што найбліжэйшымі днямі правядзе шэраг кансультацый з саюзнікамі, у тым ліку ў фармаце «Групы Берген».
Міністр падкрэсліў, што амерыканскі бок звярнуўся да Польшчы з просьбай арганізаваць такую сустрэчу. Гэта будзе ўжо другая нарада краін, якія найбольш інвестуюць у абарону і закупку ўзбраенняў сярод дзяржаў — членаў НАТА.
У перамовах у Варшаве павінны ўзяць удзел прадстаўнікі Польшчы, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Нідэрландаў, а таксама Злучаных Штатаў як ініцыятара кансультацый.
У сустрэчы возьмуць удзел міністры абароны запрошаных краін.
IAR/яс