Паліцыя знайшла на яго носьбітах інфармацыі сотні тысяч файлаў, фатаграфіі важных транспартных абʼектаў і крытычна важнай інфраструктуры, у тым ліку за межамі Польшчы. Пракуратура абвінавачвае яго ў дзейнасці ад імя замежнай разведвальнай службы і намеры перадаць сабраныя матэрыялы.
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Яцэк Дабжынскі заявіў, што замежныя службы працягваюць аперацыі супраць Польшчы.
— Гэты прыклад выразна дэманструе, што замежныя службы не здаюць пазіцый, але польскія дзейнічаюць эфектыўна. Варта нагадаць, што ў выніку іх працы 90 асобам былі прад'яўлены абвінавачванні па справах аб шпіянажы і дыверсіях, якія праводзіла Агенцтва ўнутранай бяспекі з 1 студзеня 2024 года. Сярод гэтых 90 асоб ёсць расіяне, украінцы, беларусы і, на жаль, палякі.
Міністр-каардынатар спецыяльных службаў Томаш Сямоняк паведаміў TVP Info, што следчыя прааналізуюць усе фатаграфіі, зробленыя затрыманым.
— Гэта было зроблена для таго, каб дазволіць наступным агентам праводзіць акты сабатажу, таму мы ставімся да гэтага сурʼёзна. Гэта падпадае пад артыкул 130 Крымінальнага кодэксу, які тычыцца супрацоўніцтва з замежнай разведкай. Нельга наймаць такога чалавека толькі для таго, каб сфатаграфаваць адну чыгуначную станцыю ці абʼект.
Падчас арышту супрацоўнікі паліцыі канфіскавалі прафесійнае фотаабсталяванне, якое належыць 55-гадоваму грамадзяніну Расіі. На канфіскаваным абсталяванні яны выявілі сотні тысяч падобных фотаздымкаў чыгуначнай інфраструктуры і цягнікоў. Фотаздымкі таксама былі зроблены за межамі Польшчы.
Расіянін, які фатаграфаваў чыгуначную інфраструктуру, мог быць расійскім агентам. Такое меркаванне выказаў былы камандзір GROM генерал Раман Полько ў эфіры Polskie Radio 24.
— На маю думку, ён быў звычайным наймітам. Адзін з тых сакрэтных агентаў, якія працуюць на Расію. Большасць з іх сапраўды працуюць, бо гэта бяспечней для расійскага боку; у іх ёсць пашпарты іншых краін. Тады лягчэй дзейнічаць пад замежным сцягам, лягчэй адмаўляць такую разведвальную дзейнасць і падрыхтоўку дыверсіяў, бо, урэшце, разведка праводзіцца не толькі для збору фотаздымкаў крытычна важнай інфраструктуры. Як бачыце, яны дзейнічаюць вельмі актыўна.
Раённая пракуратура ў Свідніцы падала ў суд хадайніцтва аб утрыманні 55-гадовага мужчыны пад вартай. Суд задаволіў хадайніцтва. За дзеянні ад імя замежнай разведкі грамадзяніну Расіі пагражае мінімум пяць гадоў пазбаўлення волі.
ПР/юл