Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскі шлях да незалежнасці

11.11.2026 06:13
Напрыканцы XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, якая была адной з наймагутнейшых дзяржаў Усходняй Еўропы, згубіла сваю незалежнасць.
Нацыянальны бантFoto: POlskieradio.pl


1795 год. Польшча знікае з мапы Еўропы. Расія, Прусія і Аўстрыя здзяйсняюць трэці падзел Рэчы Паспалітай. Гэта канец дзяржавы, якая яшчэ нядаўна спрабавала выратавацца. Канстытуцыя 3 мая 1791 года павінна была яе ўмацаваць, але не здолела прадухіліць другі падзел.

У 1794 годзе Тадэвуш Касцюшка ўзначаліў паўстанне. Узброеныя косамі сяляне змагаліся пад Рацлавіцамі, але параза паўстання адкрыла шлях да канчатковага падзелу краіны.
Палякі не змірыліся са стратай незалежнасці.

У 1797 годзе ў Італіі паўсталі «Польскія легіёны» пад камандаваннем Яна Генрыка Дамброўскага. Тады нарадзілася песня, якую сёння мы ведаем як гімн Польшчы. Дзякуй Напалеону з'явілася новая надзея: Герцагства Варшаўскае, створанае ў 1807 годзе.

Пасля паразы Напалеона Венскі кангрэс зноў падзяліў польскія землі. Паўстала Каралеўства Польскае, залежнае ад расійскага цара.

Ноч з 29 на 30 лістапада 1830 года. У Варшаве ўспыхвае паўстанне супраць расійскага панавання. Палякі месяцамі змагаюцца з царскімі войскамі. У верасні 1831 года Варшава падае. Паўстанне заканчваецца паразай. Яго кіраўнікі і салдаты вымушаны эміграваць, а Расія абмяжоўвае польскую аўтаномію.

Аднак супраціў не згасае. У 1846 годзе ўспыхвае Кракаўскае паўстанне, а праз два гады, падчас Вясны народаў, палякі змагаюцца ў Вялікапольшчы супраць Прусіі. Абодва паўстанні падаўляюць.

Студзень 1863 года. Пачынаецца чарговае вялікае паўстанне супраць Расіі. На гэты раз змагаюцца пераважна партызанскія атрады. Паўстанне працягваецца да 1864 года. Пасля паразы пачынаюцца пакаранні смерцю, канфіскацыі маёмасці і высылкі ў Сібір. Расія ўзмацняе русіфікацыю, а Прусія – германізацыю.

Барацьба за польскую самабытнасць ідзе не толькі са зброяй у руках. Палякі развіваюць адукацыю, грамадскія арганізацыі і прадпрыемствы. Абараняюць мову, культуру і права ўласнасці на зямлю. У Галіцыі атрымліваюць шырокую аўтаномію. Развіваюцца і сучасныя палітычныя рухі.

1914 год. Пачынаецца Першая сусветная вайна. Дзяржавы, якія падзялілі Польшчу, апынуліся па розныя бакі фронту. Палякі трапляюць у арміі, што ваююць адна супраць адной, але змагаюцца і за ўласную справу.

Юзаф Пілсудскі стварае «Польскія легіёны». Раман Дмоўскі дамагаецца падтрымкі дзяржаў Антанты. Ігнацы Ян Падарэўскі пераконвае грамадскасць і палітыкаў на Захадзе падтрымаць незалежнасць Польшчы. У Францыі фарміруецца «Блакітная армія» генерала Юзафа Галера. У студзені 1918 года прэзідэнт ЗША Вудра Вільсан заклікае стварыць незалежную Польшчу з выхадам да мора.

Увосень 1918 года імперыі, якія падзялілі Польшчу, распадаюцца. Палякі бяруць уладу ў свае рукі ў гарадах. 10 лістапада Пілсудскі вяртаецца ў Варшаву з нямецкай турмы. На наступны дзень, 11 лістапада, Рэгенцкая рада перадае яму камандаванне войскам. У той жа дзень на Захадзе змаўкаюць гарматы Першай сусветнай вайны.

Праз 123 гады Польшча аднавіла незалежнасць. Але гэта толькі пачатак: яшчэ трэба пабудаваць дзяржаву і адваяваць яе межы.

Наперадзе ў Польшчы новыя драматычныя выпрабаванні.

У 1939 годзе пачынаецца Другая сусветная вайна. Пасля яе завяршэння Ялцінскія дамоўленасці пакідаюць Польшчу ў сферы ўплыву Савецкага Саюза. Краіна аднаўляе сваю дзяржаўнасць, але не поўны суверэнітэт.

Палякі зноў змагаюцца за свабоду. Успыхваюць пратэсты супраць камуністычнай улады. Узнікае прафсаюз «Салідарнасць», які становіцца сімвалам барацьбы за правы і незалежнасць.

Палітычныя перамены 1989–1990 гадоў завяршаюць эпоху Польскай Народнай Рэспублікі і адкрываюць шлях да аднаўлення суверэннай, дэмакратычнай дзяржавы.

Аўтар: Славамір Серадзкі, каментатар Каналу замежнага вяшчання Польскага радыё


Казімеж Саснкоўскі – польскі генерал, якога баяўся Сталін (ФОТА)

18.10.2025 06:03
Жыццёвы і баявы шлях афіцэра настолькі багаты, што паводле яго можна зняць касавы фільм.

Што рабіў Пілсудскі за 48 гадзін да абвяшчэння незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе?

11.11.2025 10:09
Гісторык прафесар Рафал Габельскі распавядзе, што рабіў, чым займаўся Юзаф Пілсудскі 10 і 11 лістапада 1918 г.