Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Маштабны збой Microsoft закрануў 70 краін. Польшча вуснамі віцэ-прэм'ера загаварыла пра лічбавую незалежнасць

13.11.2026 15:23
Перабоі ўзніклі ў працы электроннай пошты Outlook, платформы Teams і іншых сэрвісаў, неабходных для штодзённай працы кампаній і ўстаноў.
Ілюстрацыя fot. Reuters

Маштабны збой сэрвісаў Microsoft 365, які пачаўся ўвечары 12 лістапада, закрануў карыстальнікаў больш як 70 краін. Перабоі ўзніклі ў працы электроннай пошты Outlook, платформы Teams і іншых сэрвісаў, неабходных для штодзённай працы кампаній і ўстаноў. Microsoft пакуль не назвала прычыну аварыі, але запэўніла, што яна не звязаная з кібератакай.

У Польшчы інцыдэнт зноў узняў пытанне залежнасці дзяржаўных устаноў ад замежных тэхналагічных карпарацый. Віцэ-прэм'ер і міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў:

— Дыверсіфікацыя паставак і выкарыстанне адкрытых рашэнняў дазваляюць абмежаваць такія рызыкі. Менавіта таму ў Міністэрстве лічбавых тэхналогій мы працуем над укараненнем рашэнняў з адкрытым зыходным кодам у дзяржаўным кіраванні.

У стратэгіі лічбавізацыі мы вызначылі дакладны план, а неўзабаве пачнём конкурсы на ўкараненне пілотнага праграмнага забеспячэння з адкрытым кодам VIO tester. У будучыні будзем цэнтралізавана забяспечваць усю дзяржаўную адміністрацыю доступам да правераных рашэнняў.

Віцэ-прэм'ер таксама падкрэсліў, што яго ведамства цяпер засяроджана на тым, каб інфармаваць установы дзяржаўнай адміністрацыі, як дзейнічаць у падобных сітуацыях.

Гаворка ідзе пра паступовае ўкараненне праграм з адкрытым кодам, якія могуць стаць альтэрнатывай камерцыйным платформам. Такі падыход павінен зменшыць рызыку паралічу дзяржаўных службаў пры наступных глабальных збоях.

iar/эж