Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польшча ўручыла расійскаму паслу рэзкую ноту пратэсту за парушэнне сваёй паветранай прасторы

25.11.2026 08:12
Расійскага дыпламата выклікаў у Міністэрства замежных спраў Радаслаў Сікорскі.
Пасол Расіі ў Польшчы Георгій Міхно пасля выхаду з Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча ў ВаршавеPAP/Paweł Supernak

— Мы рашуча асуджаем чарговыя дзеянні Расіі, якія пагражаюць бяспецы нашых грамадзян і ўяўляюць сабой неабгрунтаваную эскалацыю ў адносінах да краін НАТА. Мы не імкнемся да эскалацыі. Нашым прыярытэтам з'яўляецца бяспека Польшчы і яе грамадзян. Таму разам з нашымі саюзнікамі мы будзем умацоўваць нашу абараназдольнасць усімі сродкамі, — напісаў прэс-сакратар МЗС Мацей Вевюр у сацыяльных сетках.

Расійскі пасол ахарактарызаваў ноту як «русафобскую» і заявіў, што Масква не нясе адказнасці за парушэнне паветранай прасторы Польшчы.

Радаслаў Сікорскі заявіў у эфіры Польскага радыё, што дэкларацыя, зачытаная ўчора паслом, супярэчыць доказам:

- Мы знаходзім парэшткі ракет з серыйнымі нумарамі, напісамі кірыліцай. Мы ведаем, калі і дзе яны былі вырабленыя. Ведаем, што Расія з'яўляецца адзіным вытворцам ракет Х-101, а пасол выходзіць і кажа, што няма доказаў. Канешне, ён атрымаў для прачытання хлусню. Зло характэрнае тым, што заўсёды хлусіць. Адначасова МЗС гаворыць, што Расія хоча жыць мірна з сваімі суседзямі.

Ён дадаў, што падтрымка Украіны, якая знаходзіцца ў цяжкім становішчы, таксама будзе ўзмоцнена, і згадаў пра падтрымку, якую Польшчы аказваюць саюзнікі па НАТА.

— Мы дзякуем саюзнікам за салідарнасць і хуткія рашэнні па далейшым умацаванні ўсходняга флангу НАТА, — напісаў Сікорскі.

У пятніцу (20 лістапада) тры расійскія ракеты Х-101 парушылі паветраную прастору Польшчы, а іх абломкі былі зафіксаваныя ў Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах. Паводле звестак польскіх органаў, ракеты былі вырабленыя ў гэтым годзе ў Маскоўскай вобласці. У панядзелак (23 лістапада) беспілотнік заляцеў на тэрыторыю Польшчы, але вярнуўся ва Украіну.

ав