Прадстаўнікі каля 40 краін прымуць удзел ва ўрачыстасцях 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны ў Варшаве. На мерапрыемства, якое апоўдні ў нядзелю адбудзецца на плошчы Пілсудскага, польскія ўлады запрасілі прадстаўнікоў краінаў Еўрапейскага Саюза, НАТО і ініцыятывы „Усходняе партнёрства”.
У цырымоніі прымуць удзел 20 прэзідэнтаў, чатыры прэм'еры, а таксама міністры, парламентарыі і амбасадары. Паводле Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, гаворка ідзе, прыблізна, пра 250 замежных гасцей.
Кіраўнік Кабінета прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі (Krzysztof Szczerski) кажа, што падчас мерапрыемства з прамовамі выступяць тры прэзідэнты.
- З прамовай на плошчы Пілсудскага выступіць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс.
Менавіта ЗША на ўрачыстасцях у Варшаве будзе прадстаўляць віцэ-прэзідэнт Майк Пенс. Удзел у мерапрыемстве возьме таксама канцлерка Германіі Ангела Меркель, прэм'ер Францыі Эдуард Філіп і кіраўнік дыпламатыі Вялікабрытаніі Дамінік Рааб. Беларусь будзе прадстаўляць амбасадар.
Усе кіраўнікі ўскладуць да Магілы-помніка невядомаму жаўнеру адзін сумесны вянок.
Лідары прымуць удзел у вячэры ў Каралеўскім замку, а ўвечары - у канцэрце ў Вялікім тэатры.
аз