Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар'юш Блашчак заявіў, што пакупка знішчальнікаў F-35 – гэта канец эры постсавецкай ваеннай авіяцыі ў Польшчы. Сёння кіраўнік абарончага ведамства Польшчы на авіябазе ў Дэмбліне (Dęblin) падпісвае дамову аб куплі 32 амерыканскіх знішчальнікаў пятага пакалення.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Блашчак пераконваў, што польскія ваенныя пілоты атрымаюць на ўзбраенне адныя з самых сучасных баявых самалётаў на свеце:
-Мы далучаемся да элітнага клубу дзяржаў, якія валодаюць самымі сучаснымі баявымі самалётамі. На самой справе – гэта не толькі самалёт, але сапраўдны лятаючы пункт камандавання.
Ва ўрачыстасці падпісання дамовы аб куплі 32 амерыканскіх знішчальнікаў F-35 удзел прымае прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. Падпісанню дакументу папярэднічалі працяглыя перамовы, якія трывалі некалькі месяцаў. Агульная сума гэтага абарончага кантракту – 4,5 мільярды долараў.
IAR/эж