Парламенцкая фракцыя «Грамадзянская кааліцыя» прапануе на галасаванне вотум недаверу каардынатару спецслужбаў, міністру ўнутраных спраў і адміністрацыі Мар’юшу Каміньскаму (Mariusz Kamiński). Апазіцыйныя дэпутаты склалі абгрунтаванне вотуму недаверу, якое налічвае больш за 20 старонак.
Адзін з апазіцыйных парламентарыяў Цезары Томчык (Cezary Tomczyk) абвінаваціў міністра ва злоўжыванні ўладай і некампетэнтнасці:
-Калі дадаць да гэтага апошнія паказанні сумнавядомага агента «Томка», які расказваў, як Каміньскі і Вонсік змушалі яго весці нелегальную дзейнасць па выкарыстанні дзяржаўнага апарату супраць грамадзянаў, супраць апазіцыйных палітыкаў, маем вобраз дзяржавы, якую мы ніколі не хочам бачыць у нас.
Паводле чальцоў парламенцкай фракцыі «Грамадзянская кааліцыя», заява аб вотуме недаверу стала падсумаваннем пяцігадовага «шкодніцтва» Мар’юша Каміньскага ў польскіх спецслужбах. Апазіцыя ўпэўненая, што спецслужбы пад яго кіраўніцтвам дзейнічаюць на карысць адной партыі.
IAR/эж