Беларуская Служба

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы: зарэгістравана 19 выбарчых камітэтаў

02.03.2020 16:19
Каб зарэгістраваць кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, не пазней за 26 сакавіка трэба сабраць 100 тысяч подпісаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com / corgarashu

Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы паведаміла, што рэгістрацыйнае пасведчанне атрымалі 19 выбарчых камітэтаў. Патэнцыйнымі кандыдатамі на пасаду галавы дзяржавы з’яўляюцца: дзейсны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прадстаўніца «Грамадзянскай платформы» Малгажата Кідава-Блоньска (Małgorzatа Kidawy-Błońskа), вылучэнец левых Роберт Бедрань (Robert Biedroń), лідар радыкальных нацыяналістаў Кшыштаф Босак (Krzysztof Bosak), кіраўнік Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Косіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz), самавылучэнец Шымон Галоўня (Szymon Hołownia) ды яшчэ 13 менш вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў.

Паводле польскага заканадаўства, выбарчы камітэт патэнцыйнага кандыдата могуць сфармаваць не менш за 15 грамадзянаў краіны. Кандыдаты, якія нарадзіліся да 1 жніўня 1972 года, павінны прыкласці люстарцыйнае пасведчанне. Для заявы неабходныя подпісы 1000 палякаў, якія падтрымліваюць кандыдата. На стварэнне выбарчага камітэту ёсць час толькі да 16 сакавіка.

Толькі пасля рэгістрацыі выбарчага камітэту, Дзяржаўнай выбарчай камісіяя надаецца права праводзіць агітацыю, а таксама збіраць і выдаткоўваць фінансавыя сродкі. Каб зарэгістраваць кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, не пазней за 26 сакавіка трэба сабраць 100 тысяч подпісаў.

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы адбудуцца 10 траўня; калі ніводзін з кандыдатаў не атрымае больш за палову сапраўдных галасоў, 24 траўня пройдзе другі тур выбараў.

PAP/эж